Кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін адказвае на пытаньне, ці магчыма вызваліць палітвязьняў праз допуск беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду; тлумачыць, ці ўплываюць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі на рашэньні міжнародных спартовых уладаў, і заклікае зьняць абмежаваньні з беларускага дзіцячага і юнацкага спорту.

Сьцісла:

  • Для МАК рэпрэсіі супраць правоў чалавека не крытэр.
  • Калі скончыцца вайна ва Ўкраіне, то пытаньне паўнавартаснага ўдзелу афіцыйнай беларускай дэлегацыі будзе адразу вырашана.
  • Фэдэрацыі ў пэўных відах спорту ў вялікай залежнасьці ад расейскага фінансаваньня.
  • Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі не дапусьціла ўдзелу расейскіх і беларускіх атлетаў нават у нэўтральным статусе.

— У беларускім грамадзтве апошнія дні даволі актыўна абмяркоўваюць гіпатэтычная магчымасьць таго, ці можна дабіцца вызваленьня палітвязьняў у абмен на допуск беларускім спартоўцаў на Алімпійскія гульні. Вы ўжо гаварылі, што гэта нерэалістычна. Патлумачыце, калі ласка, сваю пазыцыю.

— Гэта сапраўды нерэалістычна. Праблема ў тым, што тут дзейнічаюць зусім іншыя мэханізмы, сытуацыя моцна адрозьніваецца ад эканамічных і пэрсанальных санкцыяў. На Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі (НАК) санкцыі накладалі двойчы. Першы раз — у 2020 годзе за парушэньне правоў атлетаў; другі раз — у лютым 2022 году за вайну ва Ўкраіне.

Санкцыі ўводзілі за парушэньне Алімпійскай хартыі, і неяк зьвязаць іх з палітвязьнямі амаль немагчыма. Асноўнае патрабаваньне Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) — па-першае, спыніць вайну Расеі супраць Украіны; па-другое — спыніць перасьлед спартоўцаў за іхную грамадзянскую пазыцыю; і трэцяе — перавыбары выканкаму і прэзыдэнта НАК.

Другі момант — МАК фактычна (на 99 працэнтаў) ужо дазволіў удзел беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе 2024 году ў нэўтральным статусе, бязь сьцяга. Усе атлеты, якія так ці іначай трапляюць пад адпаведныя крытэры, паедуць на Алімпіяду. Таму як можна гэты дазвол ехаць на Алімпіяду (які і так ужо фактычна існуе) абмяняць на вызваленьне палітвязьняў?

І калі нейкая ўгода на гэты конт і магла б адбыцца, то толькі ва ўмовах непублічнасьці. А калі гэта ўсё ўжо вынесена на шырокае абмеркаваньне, то ніхто ня пойдзе на нейкія публічныя перамовы.

— Калі кажуць, што МАК дэ-юрэ незалежная ад палітыкі спартовая арганізацыя, то многія рэагуюць на гэта скептычна. Ёсьць прыклады Алімпіядаў у 1980 годзе ў СССР і ў 1984 годзе ў ЗША, якія байкатавалі палітычныя ўлады, а нацыянальныя алімпійскія камітэты проста выконвалі гэтыя рашэньні. У якой ступені сёньня МАК і нацыянальныя алімпійскія камітэты залежаць ад палітыкі?

— Палітыка, безумоўна, прысутнічае ў спорце, але трэба разумець, што менавіта ў гэтым пытаньні, пытаньні беларускіх вязьняў, МАК будзе аддзяляць палітыку ад спорту і гаварыць, што гэта выключна палітычная праблема. Вядома, калі краіны абвяшчаюць байкот, на гэта МАК ня можа паўплываць, гэта вырашаюць асобныя краіны.

Можна сказаць, што калі скончыцца вайна ва Ўкраіне, то пытаньне паўнавартаснага ўдзелу афіцыйнай беларускай дэлегацыі будзе адразу вырашана.

— То бок рэпрэсіі ў Беларусі на гэта ня будуць ніяк уплываць?

— Ня будуць. Для МАК рэпрэсіі, парушэньні правоў чалавека ня ёсьць ніякім крытэрам. Адзіны крытэр — парушэньне правоў атлетаў, калі парушаецца Алімпійская хартыя.

— Дык у Беларусі ж пасьля 2020 году правы спартоўцаў парушалі ў самых розных аспэктах. Спартоўцаў ня толькі затрымлівалі і саджалі за краты, як звычайных грамадзянаў, але і звальнялі са зборных, пазбаўлялі магчымасьці трэнавацца і гэтак далей.

— Так, і гэта стала чыньнікам санкцыяў і абмежаваньняў, уведзеных у сьнежні 2020 году. Але гэта былі пераважна тэхнічныя абмежаваньні. Не дапусьцілі да Алімпійскіх гульняў некаторых прадстаўнікоў беларускага НАК, зьявілася забарона на правядзеньне пэўных спартовых падзеяў у Беларусі. Але, нягледзячы на гэта, каманда Беларусі выступала пад чырвона-зялёным сьцягам. Усё зьмянілася толькі пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны і ўдзелу ў гэтай агрэсіі беларускага рэжыму.

— Якраз 5 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не зьмяніў умовы допуску спартоўцаў зь беларускімі і расейскімі пашпартамі да міжнародных спаборніцтваў. У сакавіку Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям розных відах спорту дапусьціць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах у нэўтральным статусе, бязь сьцяга і гімна, а таксама пры выкананьні шэрагу ўмоваў (што спартоўцы не падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне і ня маюць кантрактаў з вайсковымі арганізацыямі, нацыянальнымі службамі бясьпекі і інш.) Чаканае рашэньне?

— Так, чаканае. Думаю, у студзені яго канчаткова зацьвердзяць. Крытэры, прапанаваныя ў сакавіку, такімі і засталіся.

— Але цікава, што розныя фэдэрацыі розных відаў спорту паводзяць сябе вельмі па-рознаму. Некаторыя зусім не дапускаюць удзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў, а некаторыя дапускаюць нават над афіцыйнымі сьцягамі. Як бы вы гэта патлумачылі?

— Бо Міжнародны алімпійскі камітэт даў толькі рэкамэндацыі, ён ня можа аддаваць загады фэдэрацыям у розных відах спорту, якія самастойна вырашаюць паводле сваіх крытэрыяў. Пры гэтым яны арыентуюцца на гэтыя рэкамэндацыі: калі яны іх цалкам праігнаруюць, то могуць папсаваць адносіны з МАК.

Гэта паказвае, што сьвет спорту вельмі разнастайны, няма і блізка нейкай поўнай уніфікацыі. Фэдэрацыі ў некаторых відах спорту ў вялікай залежнасьці ад расейскага фінансаваньня, і натуральна, што крыніцы фінансаваньня ўплываюць на паводзіны такіх фэдэрацыяў. А, напрыклад, магутная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі не дапусьціла ўдзелу расейскіх і беларускіх атлетаў нават у нэўтральным статусе.

— Вернемся да пачатку размовы, да вашага сьцьверджаньня, што ідэя абмену вызваленьня палітвязьняў на допуск беларускіх атлетаў на Алімпіяду ня вельмі рэалістычная. Але што вы прапануеце? Ці ёсьць нейкі іншы варыянт уплыву на гэтую трагічную сытуацыю?

— Трэба разумець, што пытаньне палітвязьняў мы ня можам увогуле зьвязваць са спортам. Мяркую, нам як грамадзтву трэба ставіцца да гэтага пытаньня больш адказна. Напрыклад, вельмі сур’ёзная праблема — забарона на міжнародныя кантакты ў беларускім дзіцячым і юнацкім спорце. Мы губляем нашу спартовую моладзь. Я, напрыклад, не зацікаўлены ў тым, каб спартовая будучыня Беларусі зьведвала такія абмежаваньні.

Таму вялікім крокам было б, калі б уся дэмакратычная супольнасьць папрацавала над зьняцьцём гэтых абмежаваньняў зь дзіцячага і юнацкага спорту. Бо зараз усе дзіцячыя каманды езьдзяць толькі па Расеі — і гэта даволі небясьпечная сытуацыя. Наш інтарэс у тым, каб яны езьдзілі ў Эўропу, мелі кантакт з эўрапейскімі спартоўцамі.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ
  • Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

    ФЭЙСБУКТВІТЭРПадпісацца