Стратэгічны дыялёг паміж дэмсіламі Беларусі і ЗША праходзіць 6–7 сьнежня ў Вашынгтоне.

«Тры гады мы працавалі разам, але стратэгічны дыялёг — гэта фармалізацыя адносінаў, — прыводзіць словы Ціханоўскай «Позірк». — Гэта азначае, я спадзяюся, што на працягу двух дзён мы распрацуем стратэгію па Беларусі разам з нашымі амэрыканскімі партнэрамі. Будуць распрацаваныя дарожныя карты па розных напрамках. Магчыма, будуць створаныя рабочыя групы па канкрэтных тэмах».

Палітык назвала пяць асноўных кірункаў працы:

  • Вызваленьне палітвязьняў.
  • Захаваньне незалежнасьці Беларусі.
  • Аднаўленьне і захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і культуры.
  • Бізнес-кірунак.
  • Прыцягненьне да адказнасьці злачынцаў лукашэнкаўскага рэжыму.

На сустрэчы ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, 6 сьнежня 2023

Ціханоўская разьлічвае, што адным з вынікаў дыялёгу стане прызначэньне новага спецпрадстаўніка ЗША па працы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Яна выказала ўдзячнасьць папярэдняй спецпрадстащницы Джуліі Фішэр. «Але, каб усталяваліся сталыя стасункі з ЗША, з Дзярждэпартамэнтам, нам патрэбны такі чалавек, які будзе мостам паміж дэмакратычным рухам і Злучанымі Штатамі», — удакладніла Ціханоўская.

На сустрэчы ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, 6 сьнежня 2023

Паводле яе слоў, у стратэгіі трэба канкрэтызаваць, якой будзе падтрымка беларусаў у абароне імі незалежнасьці сваёй краіны, а таксама зьвярнуць увагу на неабходнасьць увядзеньня санкцыяў супраць Расеі не толькі за вайну ва Ўкраіне, але і за спробы падпарадкаваць Беларусь.

На думку Ціханоўскай, «толькі ціск на Лукашэнку можа зьмяніць яго стаўленьне да палітвязьняў».

Сёньня ў будынку Гары Трумэна ў Вашынгтоне, дзе месьціцца Дзярждэпартамэнт ЗША, адбываюцца першыя пасяджэньні Стратэгічнага дыялёгу.

З амэрыканскага боку ў пасяджэньні бяруць удзел намесьніца дзяржсакратара ў палітычных пытаньнях Вікторыя Нуланд, памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка адміністратара USAID (Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця) у бюро Эўропы і Эўразіі Марк Сімакоўскі, каардынатарка дапамогі Марыя Лонгі, дырэктар у пытаньнях Расеі Кэралайн Сэвэдж.

Зь беларускага боку ў перамовах удзельнічаюць Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.