Санкцыі закранулі «прадпрыемствы ў Беларусі, Кітаі, Сэрбіі, Турэччыне, ААЭ і Ўзбэкістане, якія працягваюць падтрымліваць незаконнае ўварваньне Расеі ва Украіну», гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.

Абмежаваньні ўвялі ў дачыненьні да 25 фізычных асобаў і 21 кампаніі.

У сьпіс кампаній трапіла і беларускае «Канструктарскае бюро «Дысплэй». Адносна яго таксама ўвялі санкцыі з прычыны паставак прадукцыі для ВПК Расеі і расейскай арміі.

Сярод фізычных асобаў пад санкцыі трапілі кіраўніцтва і сваякі кіраўніцтва расейскага вытворцы бесьпілётнікаў «Аэраскан», аэракасьмічнага інжынірынгавага цэнтру «Саюз» і інш. Сярод кампаній — сам «Аэраскан», ААТ «Радыётэхкамплект», дасьледча-вытворчае прадпрыемства «Радар ММС», цэнтар «Саюз», «Воткінскі завод», навукова-тэхнічны цэнтар «Арыён», ПВК «Русіч», шэраг юрыдычных асобаў ААЭ, якія маюць дачыненьне да марскіх перавозак, тры кітайскія кампаніі і па адной кампаніі з Сэрбіі, Узбэкістану і Турэччыны.