«Генэральны сакратар вельмі ўстрывожаны аднаўленьнем баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і ХАМАС... Людзям, якім загадана эвакуіравацца, няма куды ісьці, і ім амаль няма на што выжыць», — цытуе «Голас Амэрыкі» афіцыйнага прадстаўніка ААН Стэфан Дзюжарык.

Да 80% з 2,3 мільёна жыхароў Газы ўжо пакінулі свае дамы за восем тыдняў вайны, якая ператварыла анкляў у пустку.

У панядзелак Ізраіль загадаў палестынцам пакінуць частку Хан-Юніса ў паўднёвай Газе, паказаўшы, што яны павінны рухацца да ўзьбярэжжа Міжземнага мора і ў бок Рафаха ў мяжы з Эгіптам. Але жыхары і журналісты на месцах кажуць, што інтэнсіўныя ізраільскія авіяўдары на поўдні густанаселенага прыбярэжнага анклява ўключаюць раёны, дзе Ізраіль прасіў людзей шукаць прытулак.

Злучаныя Штаты заявілі, што ізраільскі наступ на поўдні не павінен паўтарыць «масавыя» ахвяры сярод мірнага насельніцтва, якія былі пры наступе ізраільскай арміі ў Паўночнай Газе.

Дарадца па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Саліван сказаў, што Вашынгтон чакае, што Ізраіль будзе пазьбягаць нападаў на раёны ў Газе, вызначаныя як зоны, па якіх не наносяцца ўдары.

Нягледзячы на шматлікія заклікі ЗША і ААН абараняць мірных жыхароў, ізраільскія войскі працягваюць паветраныя і наземныя бамбардзіроўкі паўднёвай часткі сэктара Газа, у выніку якіх гінуць і атрымліваюць раненьні дзясяткі палестынцаў.

Высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік сказаў, што кропкавая эвакуацыя для памяншэньня колькасьці ахвяраў цывільнага насельніцтва запатрабуе больш часу, і што немагчыма цалкам выключыць ахвяры.

«Мы не пачыналі гэтую вайну. Мы шкадуем аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва, але калі вы хочаце супрацьстаяць злу, вы павінны дзейнічаць», — сказаў чыноўнік.

Між тым, паводле дакладу ізраільскіх вайскоўцаў, на кожнага ліквідаванага баевіка ХАМАС прыпадае прыкладна два забітыя мірныя жыхары — суадносіны, якія, на думку прэс-сакратара ЦАХАЛ падпалкоўніка Джонатана Конрыкуса, зьяўляюцца «надзвычай пазытыўнымі», улічваючы цяжкасьці гарадзкіх баёў.

«Калі вы параўнаеце гэтыя суадносіны з любым іншым канфліктам у гарадзкой мясцовасьці паміж вайскоўцамі і тэрарыстычнай арганізацыяй, укаранёнай у цывільнае насельніцтва і якая выкарыстоўвае грамадзянскіх асоб у якасьці жывога шчыта, вы ўбачыце, што гэтыя суадносіны зьяўляюцца значнымі, надзвычай пазітыўнымі і, магчыма, унікальнымі ў сьвеце», — сказаў Конрыкус у інтэрвію тэлекампаніі CNN.

У лістападзе Ізраіль захапіў практычна ўсю паўночную палову Газы, а пасьля нядаўняга зрыву ХАМАС перамір’я пачаў імкліва прасоўвацца ўглыб паўднёвай часткі Газы.

Па словах мясцовых жыхароў, ізраільскія танкі ўвайшлі ў Газу праз мяжу і перарэзалі галоўны маршрут з поўначы на поўдзень. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што цэнтральная дарога з Хан-Юніса на поўнач «уяўляе сабой поле бою» і зараз зачынена.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • Ахвяры: па стане на 20 лістапада з ізраільскага боку загінулі каля 1200 чалавек, у тым ліку мінімум 368 вайскоўцаў, параненыя 5132 чалавекі, звыш 200 у закладніках. З боку Палестынскай аўтаноміі, пераважна ў Газе, па стане на 10 лістапада колькасьць ахвяр сягнула 11 078 чалавек.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.