Сьцісла:

  • Беларусь не вытрымлівае канкурэнцыю на вонкавых рынках.
  • Цяжка гандляваць з краінамі, якія ня маюць пэўнасьці, ці змогуць яны заплаціць за тое, што купляюць.
  • Беларусь цікавіла замежных партнэраў яшчэ і таму, што была добрым лягістычным шляхам у Эўропу.
  • Сьвет хутка мяняцца. Беларускай эканоміцы цяжэй мяняцца ў такім жа тэмпе з прычыны санкцыяў
  • Расея можа сабе дазволіць страціць гандаль зь Беларусьсю, Беларусь — ня можа.

— Што засталося ад абвешчанай калісьці «шматвэктарнасьці» ў замежнай палітыцы афіцыйнага Менску? На фоне непрызнаньня Лукашэнкі прэзыдэнтам пасьля 2020 году і санкцыяў пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны эўрапейскі вэктар — спачатку палітычны, а потым і эканамічны, пасьля 2022-га сышоў амаль на нішто. Ці паўстала нешта на ягоную замену?

— Зьявілася шмат маленькіх, з гледзішча ўлады патэнцыйна пэрспэктыўных вэктараў, але ніводзін зь іх не дарос да памераў значнасьці адносін з Эўропай. І, галоўнае, ніводзін ня ёсьць стабільным. Беларусь робіць новыя стаўкі на Кітай, Турцыю, азіяцкія краіны, Іран, арабскія краіны. Але ні для кога зь іх Беларусь ня ёсьць жыцьцёва важным партнэрам. Яна зь імі не мяжуе, абсалютна ўнікальных праектаў узаемнай залежнасьці пакуль няма, таму ў гэтыя вэктары яшчэ трэба інвэставаць і інвэставаць, каб разьлічваць зрабіць іх доўгатэрміновымі і надзейнымі.

— Яшчэ з нулявых гадоў афіцыйны Менск пачаў актыўна разьвіваць палітычныя адносіны з краінамі «далёкай дугі». Былі шматлікія візыты ў Віетнам, Кітай, Іран, арабскія краіны. Але гэта не дало ніякіх істотных эканамічных вынікаў. Таваразварот з гэтымі краінамі радыкальна ня рос (з выняткам Кітаю). Чаму?

— Калі вы маленькая краіна, якая не вырабляе нейкі ўнікальны прадукт, чые прыродныя рэсурсы вельмі абмежаваныя і ў прынцыпе замяшчальныя, за гандаль і эканамічныя адносіны вам даводзіцца канкураваць зь вялікай колькасьцю іншых краін. Беларусь проста не вытрымлівае канкурэнцыі.

У прынцыпе адваёўваць новыя кантракты і эканамічныя нішы, прыходзіць на новыя рынкі нікому ня проста. Усе нішы занятыя, трэба рабіць нешта лепш за іншых, ці прапаноўваць нешта іншае, ці пераконваць партнэраў адмовіцца ад старых кантрактаў і замаўляць у Беларусі.

На гэта, дарэчы, таксама трэба добры арсэнал эканамічных дыпляматаў, у якіх ёсьць рэсурсы і час гэтыя магчымасьці ствараць. У Беларусі і тут эканомія.

Арабскія краіны — адныя з самых «гарачых» эканомік зь вельмі прадуманымі, мэтанакіраванымі, амбіцыйнымі плянамі на будучыню. Многія зь іх інвэстуюць вялікія грошы ў новыя тэхналёгіі ці новыя пакаленьні традыцыйных сэктараў — напрыклад, хімічнага. Арабскія краіны — эканамічная Мэка, туды зараз ідуць. Яны здольныя наняць найбольш перадавых экспэртаў.

Арабскія краіны вельмі добра пабудавалі замежную палітыку, у выніку ў іх стабільныя і даволі добрыя адносіны і з Кітаем, і з ЗША, і з Расеяй, і з Эўропай. Зь імі зараз хочуць гандляваць усе. Беларусь проста не прапаноўвае чагосьці, што добра ўпісваецца ў эканамічныя стратэгіі гэтых краін ці што не прапаноўваюць іншыя.

Кітай таксама шукае эканамічныя выгады. І выбар партнэраў Кітай мае таксама вялікі. Шмат якія вытворчасьці, якія мае Беларусь, мае і Кітай, толькі таньнейшыя. Таму нават калі з Кітаем можна будаваць больш інтэнсіўныя стасункі, то і там ёсьць пэўная столь.

— Чаму не заўсёды давала плён стаўка Лукашэнкі на такія краіны, як Іран і Вэнэсуэла? Ці гэта таму, што там палітыка перамагала эканамічную мэтазгоднасьць?

— У Ірану і Вэнэсуэлы ўласны эканамічны патэнцыял вельмі абмежаваны. Шмат якія кантракты плянаваліся паводле прынцыпу палітычнага сяброўства. У выніку яны ці проста эканамічна нерэнтабэльныя, ці нават не былі паўнавартнасна распрацаваныя. Таксама цяжка гандляваць з краінамі, якія ня маюць пэўнасьці, ці змогуць заплаціць за тое, што купляюць. Эканамічнае становішча Вэнэсуэлы, напрыклад, ня вельмі абнадзейвае.

— Калісьці афіцыйная дактрына Беларусі абвяшчала, што павінна быць траціна таваразвароту з Расеяй, траціна — з Эўразьвязам і траціна — з астатнім сьветам. Пасьля 2020 году ўсё гэта засталося ў гісторыі, дактрыну скасавалі. Але ж нават да 2020-га гэтага не ўдалося дасягнуць. Чаму? Можа, рэч у беларускай прамысловасьці, прадукты якой могуць цікавіць пераважна толькі Расею — і то дзякуючы спэцыфічным умовам узаемнага гандлю?

— Беларусь ня ёсьць крытычна важнай краінай для абсалютнай большасьці краін сьвету.

Пэрспэктывы Беларусі дадаткова абмяжоўваюць санкцыі. Беларусь была цікавай яшчэ і таму, што была добрым лягістычным шляхам у Эўропу. Ня толькі транспартным у простым сэнсе, але і таму, што ў яе быў свой гандаль з Эўропай. І Беларусь праз гэта была больш пэрспэктыўнай краінай.

А шмат для каго пагроза апынуцца ў непрыемнай сытуацыі з ЗША праз другасныя санкцыі — гэта дадатковы фактар, які абмяжоўвае жаданьне інвэставаць у праекты з Беларусьсю. Такія праекты робяцца небясьпечнымі фінансава.

Такія краіны, як Японія ці Паўднёвая Карэя, у прынцыпе асьцярожна ставяцца да Беларусі, бо для іх палітычныя стасункі з Захадам вельмі важныя. Яны залежаць ад ЗША ў пляне бясьпекі.

Сьвет хутка мяняецца. Беларускай эканоміцы цяжэй мяняцца ў такім жа тэмпе праз санкцыі — ці бракуе кампанэнтаў, ці не фінансуюцца праекты далейшай мадэрнізацыі. Беларусь можа абыходзіць санкцыі, але гэта дадатковая лягістыка, дадатковыя выдаткі, а значыць, беларускія тавары аўтаматычна даражэюць. Таму Беларусь могуць выціскаць іншыя канкурэнтамі, якія разьвіваюцца хутчэй, могуць прапаноўваць новыя паслугі ці прадукцыю хутчэй, таньней, лепшай якасьці.

— Сёньня таваразварот Беларусі прыблізна на 60 працэнтаў арыентаваны на Расею. Якія пагрозы гэта нясе эканамічнаму, дый палітычнаму сувэрэнітэту?

— Калі 60 працэнтаў тваіх эканамічных стасункаў залежыць ад адной краіны, то любое пагаршэньне двухбаковых адносін можа быць абсалютна крытычным для выжываньня краіны. Асабліва калі ідзецца пра Расею, якая вельмі яскрава ўсім паказвае, што расейскія палітычныя інтарэсы для яе важнейшыя, чым стабільны гандаль. Таксама Расея можа сабе дазволіць страціць гандаль зь Беларусьсю, а Беларусь страціць гандаль з Расеяй — ня можа. У такіх умовах Масква мае магчымасьць дыктаваць уласныя ўмовы як эканамічнай, так і палітычнай супрацы.

  • Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

    ФЭЙСБУКТВІТЭРПадпісацца