У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з 30 лістапада да 12 сьнежня адбудзецца Канфэрэнцыя ААН па зьмяненьні клімату, на якой плянуюць разгледзець вынікі выкананьня Парыскага пагадненьня, ухваленага ў 2015 годзе на замену Кіёцкага пратаколу, а таксама разгледзець мэханізмы скарачэньня выкідаў да 2030 году.

У канфэрэнцыі возьме ўдзел і Аляксандар Лукашэнка. Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, 29 лістапада ён ужо вылецеў у Дубай.

Свабода сабрала найбольш цікавыя факты пра гэтую канфэрэнцыю.

Хто ўдзельнічае

На Ўсясьветны саміт па клімаце запрасілі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, лідэраў грамадзкіх, моладзевых і бізнэс-арганізацый з 197 краін, якія пагадзіліся з Рамачнай канвэнцыяй Арганізацыі Абʼяднаных Нацый ад 1992 году аб зьменах клімату.

Паводле папярэдніх падлікаў, усяго цягам амаль двух тыдняў у форуме возьмуць удзел больш за 36 тысяч дэлегатаў і да 70 тысяч наведнікаў.

Вядома, што ў саміце возьмуць удзел брытанскі манарх Карл III і Папа Рымскі, а таксама каля сотні першых асобаў дзяржаў. Раней прадстаўнік Белага дома заявіў, што прэзыдэнт Джо Байдэн наўрад ці прыедзе на гэты саміт.

Мэта Лукашэнкі ад удзелу ў канфэрэнцыі

Паводле БелТА, Аляксандар Лукашэнка «агучыць падыходы і прапановы Беларусі па разьвязаньні глябальных пытаньняў кліматычнай і экалягічнай бясьпекі».

Сёлета Аляксандра Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх міжнародных канвэнцыях, якія датычыліся экалягічнай бясьпекі: Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай Камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісаную ў 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).

Сам Лукашэнка 27 лістапада на нарадзе зь кіраўніцтвам ураду і сваёй адміністрацыі заявіў, што галоўнае для яго — сустрэцца «з прэзыдэнтамі асобных афрыканскіх дзяржаваў» і дамовіцца зь імі аб перамовах і аб візытах у гэтыя краіны.

Пасьля 24 лютага 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, ён зрабіў усяго некалькі візытаў за межы Беларусі і СНД, у тым ліку сёлета ў студзені ў Зымбабвэ, у сакавіку ў Іран, у верасьні — у Гвінэю.

Што прадугледжвае канвэнцыя аб зьменах клімату і прагрэс у яе выкананьні

Канвэнцыя прадугледжвае захады, якія мусяць выканаць краіны, каб зьменшыць «небясьпечнае ўплыў дзейнасьці чалавека на клімат» і стабілізаваць узровень выкідаў парніковых газаў у атмасфэру.

Кожны год ААН склікае адмысловую канфэрэнцыю, каб ацаніць прагрэс у выкананьні абавязаньняў краін.

Як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на амбіцыйныя абавязаньні, краіны дзейнічаюць вельмі павольна, каб перадухіліць імаверны кліматычны крызіс.

На сёлетняй канфэрэнцыі хочуць распрацаваць глябальны плян аб скарачэньні выкарыстаньня выкапнёвага паліва, паколькі яго спальваньне небясьпечна награвае плянэту.

Летась на саміце ў Шарм-эль-Шэйху (Эгіпет) краіны пагадзіліся заснаваць фонд для дапамогі бедным і ўразьлівым краінам у барацьбе зь кліматычнымі зьменамі, якія выклікаюць парніковыя газы, што выпрацоўвае прамысловасьць разьвітых краін.

Пакуль колькасьць выкідаў скарацілася неістотна, а краіны, якія здабываюць і выкарыстоўваюць газ, нафту і вугаль, не сьпяшаюцца адмаўляцца ад выкапнёвага паліва. Вядома, напрыклад, што той жа Егіпет, які прымаў саміт летась, у яго кулюарах заключаў дамовы аб пастаўках прыроднага газу ў Эўропу.

Вайна ва Ўкраіне і Ізраілі

Упершыню кліматычная канфэрэнцыя адбываецца на тле вялікіх геапалітычных падзей, і найперш, гэта датычыць баявых дзеяньняў на Блізкім Усходзе і ва Ўкраіне. Гэтыя войны ня толькі ўскладняюць экалягічныя наступствы для плянэты, але і саму супрацу ў сфэры зьніжэньня выкідаў парніковых газаў.

Канцэнтрацыя ўвагі вядучых краін на дапамозе Ізраілю, Газе і Ўкраіне, як мяркуюць экспэрты, можа прывесьці да зьніжэньня аб’ёмаў фінансаваньня кліматычных мерапрыемстваў.

Апроч таго, Ізраіль скараціў сваё прадстаўніцтва на гэтых сустрэчах. Якім чынам будзе прадстаўленая Ўкраіна, пакуль невядома.

Як будзе праходзіць канфэрэнцыя

Канфэрэнцыя будзе праводзіцца ў Expo City Dubai, які называюць «міні-горадам, арыентаваным на будучыню». Ён злучаны з цэнтрам Дубая сыстэмай чыгуначнага транспарту.

Для перамоў і сустрэч стварылі дзьве пляцоўкі: блакітную і зялёную.

На блакітнай будуць праходзіць афіцыйныя перамовы і выступы усясьветных лідэраў, а на зялёнай — выставы і іншыя экалягічныя імрэзы, арганізаваныя няўрадавымі арганізацыямі, навукоўцамі і бізнэс-групамі.

Чаканьні экалягічных актывістаў

Актывісты ад пачатку выступілі з крытыкай выбару месца правядзеньня канфэрэнцыі, бо Аб’яднаныя Арабскія Эміраты зьяўляюцца пятым па велічыні вытворцам нафты ў сьвеце. Аднак улады краіны заявілі, што ня будуць супрацьдзейнічаць акцыям пратэсту экалягічных актывістаў і дазволяць ім мірна сабрацца на канфэрэнцыі.

Актывісты і экспэрты разьлічваюць, што на сёлетнім саміце завершаць фармаваньне працэдуры фарміраваньня фонду, яго фінансаваньня і ўмоў доступу да яго рэсурсаў. Апроч таго, усе чакаюць, што нарэшце лідэры краін ухваляць рашэньне аб паступовай адмове ад выкарыстаньня выкапнёвага паліва і пераходу на выкарыстаньне «чыстай энэргіі», такой як энэргія ветру і сонца.

Чаму гэта важна

Навукоўцы лічаць, што павелічэньне сярэдніх глябальных тэмпэратур на 1,5 градуса Цэльсія зьяўляецца парогам, пасьля якога людзтву будзе ўсё цяжэй спраўляцца з моцнымі штормамі, засухай, сьпякотай і павышэньнем узроўню мора. Цяпер тэмпэратура ўжо павялічылася на 1,2 градуса па Цэльсію, а выкіды, якія выклікаюць зьмены, павялічваюцца, а не зьніжаюцца.