Выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі баскетбольных асацыяцый (FIBA) захаваў бягучы статус беларускіх каманд. Гэта азначае, што яны надалей адхіляюцца ад турніраў пад эгідай міжнароднай фэдэрацыі.

Таксама на сваім пасяджэньні ў Швайцарыі выканкам працягнуў і тэрмін дыскваліфікацыі расейскіх каманд, яны таксама ня могуць выступаць ні ў якіх міжнародных спаборніцтвах, што ладзіць FIBA.

«Выканаўчы камітэт працягнуў бягучы статус адносна ўдзелу каманд Расеі і Беларусі ў спаборніцтвах пад эгідай FIBA да наступнага пасяджэньня праўленьня», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце арганізацыі.

Беларускія і расейскія каманды адхіленыя ад міжнародных афіцыйных матчаў з сакавіка 2022 году.

Наступнае пасяджэньне выканкаму FIBA пройдзе ў канцы красавіка 2024 году.

Расейскія і беларускія каманды, як нацыянальныя, так і клюбныя, раней заўсёды выступалі ў міжнародных турнірах. Аднак пасьля паўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, у якім напад адбыўся, з дазволу ўладаў Беларусі, зь яе тэрыторыі, абедзьве краіны атрымалі дыскваліфікацыю ў шэрагу відаў, у тым ліку баскетболе.

FIBA — сусьветны кіроўны орган баскетболу, незалежная асацыяцыя, створаная 212 нацыянальнымі баскетбольнымі фэдэрацыямі па ўсім сьвеце. Ён прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) адзіным кампэтэнтным органам у баскетболе.