Упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец паведаміў, што праваабарончая арганізацыя Freedom House цяпер будзе дапамагаць Украіне вяртаць з Расеі і Беларусі незаконна вывезеных украінскіх дзяцей і палонных.

«Дамовіліся аб тым, што будзем супрацоўнічаць у пытаньнях вяртаньня ўкраінскіх палонных, цывільных закладнікаў, дзяцей, дэпартаваных у Расею або Беларусь, а таксама прымусова перамешчаных у межах часова акупаваных тэрыторый Украіны, на тэрыторыю Ўкраіны і прыцягненьня беларускіх і расейскіх адказных асобаў да крымінальнай адказнасьці», — напісаў Дзьмітро Лубінец у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, супраца будзе адбывацца на падставе падпісанага з Freedom House мэмарандуму.

Саўдзел Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей

16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ельскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», арганізацыя ўстанавіла, што сама меней 2 442 украінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, былі перамешчаныя з 17 гарадоў Украіны прынамсі ў 13 установаў Беларусі за пэрыяд з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2 050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава».

Перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраныя войскі Беларусі».

Раней каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) прадставіла ў Страсбуры справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і саюзнай дзяржавы ў незаконным перамяшчэньні і перавыхаваньні дзяцей з Украіны», паведаміў 9 мая кіраўнік арганізацыі, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка.

Паводле яго, дакумэнт зьмяшчае «звыш 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў». Ён быў складзены з «улікам прынятых 27 красавіка рашэньняў ПАРЭ, звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны, за які аднагалосна прагаласавалі 3 траўня, заключэньня АБСЭ, прынятага 4 траўня».

«Для нас важна акрэсьліць неабходнасьць вызначэньня ролі Лукашэнкі як ваеннага злачынца за дзеяньні, якія парушаюць Жэнэўскую канвэнцыю 1949 году», — падкрэсьліў Латушка.