КДБ дадаў у сьпіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці» яшчэ 8 чалавек.

У пералік дадалі трох асуджаных беларусак — Яну Пінчук, Натальлю Пятровіч і Анастасію Лазарэнку.

Адвакатка Анастасія Лазарэнка адбывае тэрмін у 6 гадоў калёніі, прызначаны ёй у трані 2023 году. Яна кансультавала пацярпелых ля сьценаў «Акрэсьціна».

25-гадовую Пінчук прызналі вінаватай па пяці артыкулах, у тым ліку «стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі або ўдзел у ёй» (ч. 1 арт. 290-4 КК). Беларуску экстрадавалі з Расеі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Камітэту правоў чалавека ААН.

Натальля Пятровіч — пэнсіянэрка, якой суд прызначыў 6 гадоў калёніі за камэнтары ў інтэрнэце.

Астатнія пяць чалавек у сьпісе — мужчыны. Гэта пэнсіянэр Барыс Вітко, якога вінавацяць у «распальваньні варожасьці» і «закліках супраць нацыянальнай бясьпекі» (артыкулы 130 і 361 КК) і асуджаных Андрэя Ігнатовіча, Андрэя Лаўрыновіча, Пятра Старацітарава і Віктара Жаваранка.

Найбольш вядомы сярод іх — 65-гадовы Пятро Старацітараў. Гэта пэнсіянэр з Мазыра, якога асудзілі на 5 гадоў турмы за рэпосты ў Facebook. Сярод пяці артыкулаў, па судзілі мужчыну, знайшліся артыкулы за абразу Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 КК і арт. 369-1 КК адпаведна).