Міністэрства інфармацыі краіны паведаміла, што гэта адбылося ў нядзелю раніцай. На волі аказаліся зьняволеныя шэрагу буйных турмаў. Да гэтага ўзброеныя групы атакавалі вайсковыя казармы ў сталіцы Фрытаўне. Па словах мясцовых жыхароў, яны чулі страляніну ў казармах, разьмешчаных непадалёк ад рэзыдэнцыі прэзыдэнта, перадае BBC.

Таксама былі скасаваныя ўсе рэйсы ў адзіным міжнародным аэрапорце Сьера-Леонэ. Прэзыдэнт Джуліюс Маада Бія заявіў пра неабходнасьць «абараніць дэмакратыю». Ён заклікаў суграмадзян па магчымасьці заставацца дома.

Улады сьцьвярджаюць, што нападнікаў удалося адкінуць на ўскраіны Фрытаўну. «Становішча ў большай частцы горада спакойная і знаходзіцца пад кантролем сіл бясьпекі», – напісаў у сацыяльнай сетцы X міністар інфармацыі Чарнар Бах. Крыніца ў вайсковых колах распавяла BBC, што некаторыя з удзельнікаў нападаў узятыя пад варту, і сярод іх ёсьць ахоўнік былога прэзыдэнта Эрнэста Каромы.

Сьера-Леонэ – англамоўная краіна на захадзе Афрыкі. Дзяржава перажывае палітычны крызіс пасьля прэзыдэнцкіх і ўсеагульных выбараў сёлета ў чэрвені, калі прэзыдэнтам быў пераабраны Джуліюс Маада Бія. Міжнародныя назіральнікі ўказвалі на непразрыстасьць пры падліку галасоў, а таксама на выпадкі запалохваньня і акты гвалту.

У жніўні ў Сьера-Леонэ некалькі вайскоўцаў былі арыштаваныя па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і дзеяньнях супраць прэзыдэнта.

Восем краін Заходняй і Цэнтральнай Афрыкі цяпер знаходзяцца пад вайсковым кіраваньнем пасьля сэрыі пераваротаў, у тым ліку ў Гвінэі, якая мяжуе са Сьера-Леонэ на паўднёвым захадзе.