Прадстаўнікі дзяржаўнай інфармацыйнай службы Эгіпту заявілі, што «атрымалі станоўчыя сыгналы ад бакоў канфлікту адносна падаўжэньня перамірʼя ў сэктары Газа на адзін ці два дні», перадае Reuters.

Эгіпет сьцьвярджае, што вядзе «актыўныя перамовы» з прадстаўнікамі Ізраілю і ХАМАС аб падаўжэньні чатырохдзённага перамірʼя, што «азначае вызваленьне большай колькасьці зьняволеных у Газе і палестынскіх зьняволеных у ізраільскіх турмах».

Ізраільскі 12 канал таксама паведамляе, што перамірʼе ў Газе могуць падоўжыць на адзін-два дні, каб вызваліць больш закладнікаў.

Сёньня, паводле ізраільскіх уладаў, ХАМАС вызваліць з палону 14 закладнікаў у абмен на 42 палестынскіх зьняволеных.

Пагадненьне аб абмене ізраільскіх закладнікаў на палестынскіх зьняволеных было дасягнутае пры пасярэдніцтве Катара і прадугледжвае чатырохдзённую паўзу ў баявых дзеяньнях.

  • Напярэдадні з ізраільскіх турмаў вызвалілі 39 палестынскіх зьняволеных у абмен на 13 ізраільскіх закладнікаў, якіх баевікі ХАМАС узялі ў палон пасьля нападу на Ізраіль 7 кастрычніка. Група палестынскіх зьняволеных складалася з 24 жанчын і 15 хлопчыкаў-падлеткаў, якія знаходзіліся ў ізраільскіх турмах па абвінавачаньні ў самых розных злачынствах: ад кіданьня камянёў да замаху на забойства.
  • Выпушчаныя палестынскія зьняволеныя былі абраныя са сьпісу з 300 жанчын і непаўнагадовых, якт склаў Ізраіль. Каля чвэрці людзей з гэтага сьпісу былі асуджаныя, астатнія знаходзяцца ў зьняволеньні ў чаканьні суда. Большасьць зь іх – хлопчыкі-падлеткі, 40% зь якіх маладзейшыя за 18 гадоў.
  • Падчас нападу на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка ХАМАС захапіў больш за 200 закладнікаў, загінулі 1200 чалавек.