Удзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band за кратамі з 28 кастрычніка 2022 году.

14 кастрычніка ў Гомлі над музыкамі пачаўся суд. Праходзіў ён у закрытым рэжыме.

31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак, паведамляюць праваабаронцы. Дзьмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў даход дзяржавы ў мужчыны канфіскавалі ноўтбук і тэлефон.

Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.

Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яго мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.

У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»).

Як стала вядома Свабодзе, Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават ня мог устаць.

На прысудзе, які быў адкрытым, былі сваякі музыкаў. «Яны ўсе плакалі пад час прысуду. Адна са сваячак у час агучваньня прысуду страціла прытомнасьць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасьцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў пад час агалошваньня прысуду – судзьдзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў», – распавяла Свабодзе крыніца.

Вядома, што Яўген Бурло патрабуе апэрацыі на хрыбце. Яму абяцалі яе правесьці. «Стан здароўя ў яго вельмі кепкі. Цяпер яго правяраюць яшчэ і на анкалёгію», – дадала крыніца.

Як нагадваў праваабарончы цэнтар «Вясна», музыкаў вядомага беларускага гурту Tor Band Яўгена Бурло, Дзьмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 году разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Першапачаткова ім некалькі разоў запар прызначалі па 15 дзён арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА.

У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»).


Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць набылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».

Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту Tor Band задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.

Пасьля адбыцьця арыштаў і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі арышт тройчы па 15 дзён запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне.