Дзяржаўная памежная служба Азэрбайджану паведаміла аб затрыманьні дзяржаўнага міністра (адпавядае статусу кіраўніка ўраду) непрызнанай Нагорна-карабахскай Рэспублікі Рубэна Варданяна.
Як паведаміла дзяржаўнае азэрбайджанскае агенцтва АЗЕРТАДЖ, яго затрымалі «на пункце пропуску празь дзяржаўную мяжу „Лачын“», калі ён спрабаваў «незаконна» трапіць на тэрыторыю Азэрбайджану.
Рубэна Варданяна затрымалі і перавезьлі ў Баку, сталіцу Азэрбайджану.
Дзяржаўнае армянскае агенцтва ARMENPRESS са спасылкай на жонку Варданяна Вераніку Зонабэнд паведаміла, што «колішняга дзяржаўнага міністра Арцаха (так у Армэніі называюць Нагорны Карабах. — РС) арыштаваў азэрбайджанскі бок на незаконна ўсталяваным пункце пропуску на мосьце Хакары каля Лачынскага калідора».
«Сёньня раніцай майго мужа, Рубэна Варданяна, філянтропа, бізнэсоўца і колішняга дзяржміністра Рэспублікі Арцах, арыштавалі і ўзялі ў палон азэрбайджанскія ўлады на мяжы пры спробе пакінуць Арцах разам з тысячамі іншых армян, якія ратуюцца ад азэрбайджанскай акупацыі. Усе дзесяць месяцаў блякады Рубэн стаяў поплеч з арцахцамі, пакутаваў і змагаўся за выжываньне разам зь імі», — заявіла Вераніка Зонабэнд.
Улады Армэніі паведамілі, што на раніцу 27 верасьня з Нагорнага Карабаху выехалі 47 115 грамадзян. Этнічныя армяне масава пакідаюць рэгіён пасьля таго, як Баку абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.