Указам прадугледжана, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўваньне, абарот, эксплюатацыя і выраб грамадзянскіх БЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафэсійнай дзейнасьці «з захаваньнем патрабаваньняў, устаноўленых гэтым указам». Для фізычных асобаў усё гэта ўказам забаронена.
Пра гэта паведамляе агенцтва БЕЛТА.
Для ўвозу арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі грамадзянскіх БЛА неабходна атрымаць адпаведны дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў. Гэта дэпартамэнт арганізуе ўлік БЛА, якія ёсьць у арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Таксама ўказам прадугледжана стварэньне аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы дзяржаўнага ўліку цывільных беспілётнікаў, якія належаць юрыдычным асобам і (або) ІП.
У частцы ўвозу, эксплюатацыі і вырабу БЛА фізычнымі асобамі забарона ўступае ў сілу пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня, а ў частцы захоўваньня і абароту — праз шэсьць месяцаў.
На працягу шасьці месяцаў з моманту афіцыйнага апублікаваньня ўказа фізычныя асобы могуць прадаць іх БЛА арганізацыям або індывідуальным прадпрымальнікам або перадаць іх дзеля захаваньня ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам.