Апрача іншага Аўштравічус павіншаваў з днём народзінаў нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, які застаецца ў зьняволеньні, і расказаў, і чаму ён перакананы ў будучым сяброўстве Беларусі ў Эўразьвязе і NATO.

— Самая важная падзея пазамінулага тыдня ў Эўрапарлямэнце — разгляд рэзалюцыі па Беларусі, дзе вы былі дакладчыкам. Ваш даклад стаў асновай для гэтай рэзалюцыі. Сярод розных важных пытаньняў у ёй ёсьць і заклік да Міжнароднага крымінальнага суду прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці Аляксандра Лукашэнку, выдаць ордэр на ягоны арышт, як гэта было зроблена адносна Пуціна. Чым гэта было выклікана, ці ёсьць ужо якая рэакцыя Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе і ўвогуле які рух магчымы ў гэтым кірунку?

— Пасьля жніўня 2020 году мы вельмі пільна сочым за сытуацыяй у Беларусі, і мушу прызнаць, што разьвіцьцё сытуацыі ідзе не на карысьць самой краіны, што рэжым Лукашэнкі, я б сказаў, перахапіў ініцыятыву за кошт рэпрэсіўных мэтадаў. І калі мы застанёмся ў баку, калі недастаткова ўвагі будзе нададзена Беларусі, то мы асудзім беларусаў на жыцьцё пад Лукашэнкам. Таму і была ініцыятыва мець у Эўрапарлямэнце пастаянную дыскусію наконт сытуацыі ў Беларусі.

Цікавасьць была вялікая з боку ўсіх палітычных партый, мы дасягнулі кансэнсусу і ўзаемаразуменьня паміж асноўнымі палітычнымі групамі, і 13 верасьня, калі мы прынялі гэтую рэзалюцыю, я вельмі задаволены гэтай падтрымкай, 453 дэпутаты выказаліся «за». Гэта вельмі салідная большасьць, вельмі маленькая колькасьць сказалі «не» ці ўстрымаліся, ну што ж, іх права, але гэта гаворыць аб тым, што Эўрапарлямэнт сочыць за сытуацыяй у Беларусі, і мы ня проста сочым, мы ўдзельнічаем.

ЭЗ дапамагае дэмакратычным сілам і прапануе некаторыя рашэньні на будучыню, таму што будучыня вельмі важная.

— А што да Міжнароднага крымінальнага суду?

— Мы ўсе ведаем, хто вінаваты. Хто вінаваты ў гэтай сытуацыі ў Беларусі, у перасьледзе апазыцыянэраў, свабодных людзей, — гэта Аляксандр Лукашэнка. Думаю, ён у вялікай меры выконвае місію Крамля па прыгнёту беларусаў, і думаю, што ён павінен быць нароўні з Пуціным. Яны абодва пачалі вайну супраць Украіны, яны абодва выкарыстоўваюць мэтады прыгнёту і перасьледу апазыцыі, таму я вельмі спадзяюся, што суд у Гаазе як мага хутчэй абдумае гэтае рашэньне і выдасьць ордэр на арышт Лукашэнкі.

Гэта была б моцная палітычная навіна, вельмі спадзяюся, што гэта паўплывала б на розумы саміх беларусаў. Яны б зразумелі, хто імі імкнецца кіраваць, у які бок усё гэта ідзе. Дэмакратычнае грамадзтва, заходняе грамадзтва ня можа быць абыякавым да тых злачынстваў, якія зрабіў і яшчэ робіць Лукашэнка.

— Але ёсьць і нацыянальныя суды, якія пачалі разглядаць справы ў рамках міжнароднай юрысдыкцыі. На гэтым тыдні будзе вырак Юрыю Гараўскаму ў Швайцарыі ў справе гвалтоўных зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі. Такія ж справы ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі дасьледуюцца ў Польшчы і Літве. Як вы мяркуеце, ці будуць і іншыя краіны рабіць крокі дзеля адстойваньня правоў пацярпелых беларусаў?

— Я думаю, што гэта было б правільнае рашэньне, каб некаторыя краіны, асабліва суседнія краіны, якія стаяць на баку свабоднага разьвіцьця, і дэмакратычнага разьвіцьця ў Беларусі, узялі б на сябе гэтую ініцыятыву.

Я думаю, што гэта можа абазначаць новы скачок у правакацыях з боку Лукашэнкі, якія мы і так бачым на сталай аснове, але думаю, што добры прыклад натхніў бы ня толькі саміх беларусаў, але і паказаў бы пэўныя крокі з боку Захаду, што мы ня толькі гаворым, ня толькі крытыкуем, але і робім канкрэтныя рашэньні. І я ня бачу альтэрнатывы такому рашэньню. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым лепш было б для ўсіх.

Вельмі спадзяюся, што Вільня і Варшава вывучаюць гэтае пытаньне, і гэта справа найбліжэйшай будучыні.

На далікатныя тэмы
пішыце нам сюды.

БЯСЬПЕЧНА
  • Валер Каліноўскі

    Журналіст Радыё Свабода

    KalinovskyV@rferl.org

    ФЭЙСБУКТВІТЭРПадпісацца