«Люстэрка» зьвярнула ўвагу на адпаведную пастанову, якая была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Цяпер пры прыёме пра працу будуць правяраць, прыцягваліся людзі ня толькі да крымінальнай, але і да адміністрацыйнай адказнасьці. Акрамя таго, будуць правяраць, ці зьвяртаўся кандыдат за атрыманьнем якога-небудзь «замежнага» дакумэнта — напрыклад, «карты паляка».

Каго будуць правяраць

  • Работнікаў, якія ажыцьцяўляюць забесьпячэньне дзейнасьці і тэхнічнае абслугоўваньне Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, абласных, Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў, гарадзкіх раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах;
  • работнікаў апаратаў арганізацый, падпарадкаваных ураду;
  • работнікаў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцей;
  • кіраўнікоў і намесьнікаў кіраўнікоў, кіраўнікоў кадравых службаў арганізацый, маёмасьць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, гаспадарчых таварыстваў, больш за 50 працэнтаў акцый (долей у статутным фондзе) якіх знаходзіцца ва ўласнасьці Беларусі, якія ўваходзяць у склад арганізацый, падпарадкаваных ураду;
  • старшынь і намесьнікаў старшынь праўленьня абласных саюзаў спажывецкіх таварыстваў, абласных спажывецкіх таварыстваў.

Што будуць правяраць

Пры правядзеньні праверкі зьвестак аб кандыдаце на пасаду «вывучэньню і аналізу падлягаюць наступныя абставіны»:

  • Дакладнасць прадстаўленых кандыдатам на пасаду зьвестак;
  • наяўнасьць у кандыдата на пасаду судзімасьці (у тым ліку зьнятай або пагашанай ва ўстаноўленым парадку) або прыцягненьне яго ў якасьці абвінавачанага (падазронага) па крымінальнай справе, якая не разглядаецца судом, а таксама іншыя зьвесткі аб правапарушэньнях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэньнях, у дачыненьні да кандыдата;
  • зьдзяйсьненьне кандыдатам на пасаду дзеяньняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі;
  • інфармацыя аб невыкананьні кандыдатам на пасаду абмежаваньняў, устаноўленых заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй, учыненьні ім правапарушэньня, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэньня;
  • звальненьне кандыдата з пасады па падставах, якія прызнаюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам дыскрэдытуючымі абставінамі звальненьня;
  • парушэньне кандыдатам на пасаду абмежаваньняў, зьвязаных з дзяржаўнай грамадзянскай службай, ваеннай службай, службай у ваенізаваных арганізацыях;
  • парушэньне кандыдатам на пасаду заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах;
  • зварот кандыдата на пасаду ў падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па пытаньні аб выезьдзе за мяжу на пастаяннае месца жыхарства або ў кампэтэнтныя органы замежных дзяржаў за атрыманьнем грамадзянства, а таксама дакумэнтаў, якія даюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасьцю (напрыклад, «картай паляка»);
  • ажыцьцяўленьне кандыдатам на пасаду ў парушэньне заканадаўства выезду з Беларусі (уезду ў Беларусь).

Хто будзе праводзіць такую праверку і ў які тэрмін

Праверку будуць праводзіць органы дзяржбясьпекі і ўнутраных спраў.

Указана, што праверка не павінна займаць больш за месяц, а «тэрмін прыдатнасьці» такога заключэньня — 6 месяцаў.

Рашэньне аб прыёме на працу будзе прымацца зыходзячы з вынікаў праверкі.

Пастанова ўступае ў сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.

Раней для сілавікоў і асобных дзяржслужачых увялі абмежаваньні па выезьдзе за мяжу.

  • Варта адзначыць, што праверкі пры прыёме працу масава праводзіліся і без прынятай цяпер пастановы. Былі выпадкі, калі на працу немагчыма было ўладкавацца нават санітаркай на нізкааплатную працу праз адміністрацыйны арышт у 2020 годзе.