Раніцай 21 верасьня ў выніку ўдараў пацярпелі адразу некалькі тылавых рэгіёнаў Украіны — Кіеў, Роўна, Чаркасы, Драгобіч, Хмяльніцкая вобласьць, Херсон, Харкаў і Харкаўская вобласьць. Ёсьць пацярпелыя.
У Кіеве ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны — Дарніцкі, Галасееўскі, Шаўчэнкаўскі і Сьвятошынскі. Імаверна пашкоджаны энэргетычны аб’ект, бо ўлады паведамілі аб перабоях з сьвятлом адразу пасьля абстрэлаў. Украінскія журналісты паведамілі, што ў выніку атакі пашкоджаны таксама жылыя будынкі, лякарня і інтэрнат адной з навучальных устаноў. Пацярпелі 8 грамадзян, у тым ліку дзевяцігадовая дзяўчынка. Трох пацярпелых шпіталізавалі.
У Роўна расейскія ракеты пацэлілі ў энэргетычную і цывільную інфраструктуры. Пацярпела станцыя тэхнічнага абслугоўваньня і пяць аўтамабіляў, якія на ёй знаходзіліся. Улады сьцьвярджаюць, што ахвяраў няма. Але частка Ровенскай раёну засталася без электраэнэргіі.
У Чаркасах ад абстрэлаў Расеі пацярпеў цэнтар горада — зьнішчаны мясцовы гатэль, там цяпер разьбіраюць завалы. Папярэдне ўлады паведамілі аб 9 пацярпелых, зь якіх два грамадзяніна знаходзяцца ў цяжкім стане.
У Львоўскай вобласьці ад ракет пацярпеў Драгобіч. Расея пацэліла па прамысловым аб’екце і двух складзкіх памяшканьнях. Пажары тушаць дагэтуль. Улады пакуль ня маюць інфармацыю аб пацярпелых.
Улады Хмяльніцкай вобласьці паведамілі, што ў рэгіёне ў выніку расейскага абстрэлу пацярпеў адзін прыватны будынак і аўтамабіль. Ніхто не пацярпеў. Улады сьцьвярджаюць, што над рэгіёнам эфэктыўна адпрацавалі сродкі супрацьпаветранай абароны.
У Харкаве і Харкаўскай вобласьці раненьні атрымалі 4 цывільных, аднаго зь іх шпіталізавалі. Абласны цэнтар абстралялі ракетамі С-300, у выніку пашкоджана вытворчае прадпрыемства, ад ударнай хвалі павыбівала вокны ў лякарні. У сельскай мясцовасьці пацярпелі прыватныя будынкі.
У Херсоне ракеты пацэлілі ў шматкватэрны будынак. Траўмы, несумесныя з жыцьцё атрымала 81-гадовая жанчына, якая на момант абстрэлу знаходзілася ва ўласнай кватэры.
Украінская СПА зьбіла 36 з 43 расейскіх ракет
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала ўкраінскія гарады з 3.40 раніцы 21 верасьня. У большасьці гарадоў паветраная трывога працягвалася ад двух і больш гадзін.
Ракеты запускалі з самалётаў, якія падняліся ў неба з аэрадрому «Энгельс» у Саратаўскай вобласьці. Ракеты запускалі ў некалькі хваляў — яны заходзілі ў паветраную прастору Ўкраіны з розных кірунках і мянялі свой курс.
У паветраных сілах Украіны паведамілі, што з 43 удалося зьбіць 36 крылатых ракет, у тым ліку 20 — толькі над Кіевам. Іншыя пацэлілі ў розныя рэгіёны краіны. Харкаў Расея абстрэльвала з артылерыйскай зброі ракетамі С-300.
У Крыме істотна пацярпеў расейскі ваенны аэрадром «Сакі»
Вайскоўцы Службы бясьпекі і Вайскова-марскіх сіл Украіны правялі ў ноч на 21 верасьня супольную апэрацыю ў Крыме. Адразу некалькі ўкраінскіх крыніц паведамілі аб нанясеньні маштабнага агнявога ўдару па вайсковы аэрадроме Расеі ў Крыме «Сакі».
Сьцьвярджаюць, што ў момант атакі на аэрадроме знаходзіліся ня менш як 12 баявых самалётаў (Су-24 і Су-30), а таксама ракетны комплекс «Панцыр». Там жа знаходзілася база падрыхтоўкі апэратараў бесьпілётнікаў.
«У выніку ўдару Службы бясьпекі і Вайскова-марскіх сіл сур’ёзныя пашкоджаньні атрымала тэхніка акупантаў. Для пацэльваньня выкарысталі бесьпілётнікі, якія перагрузілі расейскую супрацьпаветраную абарону, а потым запусьцілі ракеты «Няптун», — адзначаецца ў паведамленьні тэлеграм-каналу, зьвязанага з Узброенымі сіламі Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
У Расеі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.