Neuralink — гэта мікрачып, які ўжыўляецца непасрэдна ў мозг. У дасьледаваньнях могуць удзельнічаць людзі, паралізаваныя з прычыны траўмы ці нэўралягічных хвароб. Калі выпрабаваньні пройдуць пасьпяхова, яны зноў змогуць рухацца.
Мікракампутар Neuralink памерам прыкладна з манэту. Ён зьмяшчае ў сабе больш за 3000 электродаў, злучаецца з мозгам дратамі, кожны зь якіх у 10 разоў танчэйшы за чалавечы волас, і можа кантраляваць каля тысячы нэйронаў.
Амэрыканскае агенцтва па кантролі за прадуктамі і лекамі (FDA) ухваліла выпрабаваньні Neuralink у траўні. Для ўдзелу ў праграме запрашаюцца цалкам паралізаваныя добраахвотнікі. Атрымаўшы мікракампутар, яны павінны будуць знаходзіцца пад назіраньнем шэсьць гадоў. Пасьля гэтага можна будзе зрабіць высновы аб эфэктыўнасьці і бясьпецы тэхналёгіі. Калі выпрабаваньні пройдуць пасьпяхова, тэхналёгію могуць ухваліць для масавага ўжываньня.
Раней кампанія Маска дэманстравала вынікі ўжыўленьня Neuralink у мозг паддосьледных жывёл: сьвіней і малпаў. У сьвіньні чып кантраляваў нэрвы, якія адказваюць за рухі ног і адчувальнасьць лыча. Малпе ён дазваляў «сілай думкі» гуляць у відэагульні.
Сам Ілан Маск бачыць шырокія пэрспэктывы для выкарыстаньня нэйрачыпаў. На яго думку, такім чынам можна будзе вылечыць многія захворваньні: ад сьлепаты да алькагольнай залежнасьці. Таксама, лічыць ён, ёсьць і немэдычныя галіны ўжываньня чыпаў: Neuralink зможа зьвязвацца з дадаткам у смартфоне, дазваляць чалавеку весьці разумную машыну, не датыкаючыся да руля, выходзіць у інтэрнэт або гуляць у кампутарныя гульні непасрэдна з галавы.
Крытыкі праграмы зьвяртаюць увагу на тое, што любое іншароднае цела ў мозгу — гэта рызыка інфэкцыі і запаленьня. Акрамя таго, невядомыя наступствы, калі мікракампутар зламаецца. Да таго ж падчас распрацоўкі чыпа кампаніі Neuralink ужо прыйшлося неаднаразова даваць справаздачу за гібель паддосьледных жывёл падчас выпрабаваньняў.