Украінскія вайскоўцы заявілі аб вызваленьні сяла Кляшчэеўка на поўдні ад Бахмуту. Крывавыя баі ішлі некалькі месяцаў.

Паведамленьні аб узяцьці сяла зьявіліся яшчэ раніцай у нядзелю. Пасьля іх пацьвердзіў кіраўнік прэс-службы Ўсходняй групоўкі войскаў капітан Ільля Еўлаш у камэнтарыі для «Ўкраінскай праўды», а таксама брыгада паліцыі «Лють».

Апублікавана і відэа з украінскімі байцамі ў сяле.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак таксама апублікаваў фота з вайскоўцамі ў Кляшчэеўцы на фоне мясцовага храма.

Аб вызваленьні Кляшчэеўкі ў вячэрнім звароце згадаў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Кляшчэеўка — другі населены пункт, адбіты ўкраінскімі вайскоўцамі пад Бахмутам, які вясной пасьля працяглага штурму з удзелам атрадаў ПВК «Вагнэр» перайшоў пад расейскі кантроль. Раней было вызвалена сяло Андрэеўка побач з Кляшчэеўкай.

Сёлы размешчаны ў некалькіх кілямэтрах на поўдзень ад Бахмуту, пераўтворанага ў руіны падчас шматмесячных баёў. Украінскія вайскоўцы яшчэ з пачатку лета спрабуюць акружыць горад.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • У 2022 годзе ва Ўкраіне загінулі 19 беларусаў, якія змагаюцца за яе незалежнасьць. Вядома пра двух ваяроў-беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • 29 ліпеня ў выніку ўдару па калёніі ў Аленаўцы загінулі як найменей 53 украінскія палонныя, якія баранілі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі і здаліся ў палон пасьля выкананьня баявога заданьня. Украінскі бок заявіў пра наўмыснае забойства палонных расейскім бокам. Расейскія акупацыйныя ўлады не дапусьцілі ў Аленаўку місіі ААН і Чырвонага крыжа.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • У верасьні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пачалі імкліва ўцякаць са сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • 21 верасьня 2022 г. Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайскаматаў.
  • 2 кастрычніка 2022 г. Пуцін унёс на разгляд расейскага парлямэнту законапраект, які зьяўляецца спробай анэксіі частак чатырох рэгіёнаў Украіны: «ЛНР» і «ДНР», Запароская і Херсонская вобласьці. Але дзякуючы контранаступу ўкраінцаў намаляваныя ў Маскве межы не кантралююцца акупацыйнымі войскамі, Запарожжа і Херсон застаюцца пад кантролем Украіны.
  • У кастрычніку 2022-га ўкраінскія войскі пасьпяхова працягнулі контранаступ, у пачатку кастрычніка яны вызвалілі Ліман і Ямпаль, а таксама істотна наблізіліся да Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.
  • Лукашэнка 10 кастрычніка 2022 году правёў паседжаньне з Саветам бясьпекі і заявіў пра разгортваньне сумеснай з Пуціным групоўкі войскаў.
  • Увечары 15 лістапада 2022 г. Расея выпусьціла 100 ракет па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у першую чаргу па энэргетычных аб’ектах, а ў Польшчы ў вёсцы Пшэводаў за 6 км ад мяжы з Украінай упалі дзьве ракеты, два чалавекі загінулі.
  • У лістападзе з наступленьнем халадоў Расея ўзмацніла ракетныя абстрэлы энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У выніку многія ўкраінскія гарады і частка Малдовы засталіся без электрычнасьці і вады. Украіна склікала тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН.
  • Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны 1 студзеня 2023 году паведаміла пра амаль 400 загінулых расейцаў пры атацы на будынак Політэхнічнай вучэльні № 19 у Макееўцы. Там былі расейскія вайскоўцы і мабілізаваныя. Міністэрства абароны РФ прызнала 89 забітых.
  • 14 студзеня 2023 году ў выніку чарговага абстрэлу расейская ракета пацэліла ў шматпавярховік у горадзе Дніпро, загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі чалавек. Ратавальная апэрацыя па пошуку целаў расьцягнулася на некалькі дзён.
  • У лютым адбываюцца баі за Бахмут, Крамянную, Сватава. Аднак выведка ЗША адзначыла, што расейцы ня маюць дастатковага патэнцыялу для паўнавартаснага наступу, а ў Мінабароны Вялікай Брытаніі заявілі, што расейцы ў першай палове лютага зазналі найбольшых стратаў за год.
  • Пуцін 25 сакавіка адзначыў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
  • У траўні «Расейскі добраахвотніцкі корпус», які ўваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны, пачаў атакі на Белгарадзкую вобласьць Расеі. Мясцовыя ўлады эвакуавалі жыхароў 9 паселішчаў. Бакі пачалі абменьвацца супярэчлівай інфармацыяй пра абстрэлы і ўзаемныя страты.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.