Напярэдадні ў інтэрвію журналістцы тэлеканалу «1+1» Натальлі Масяйчук ён заявіў, што «выбараў у крэдыт» ня будзе, і ва ўмовах вайны нялёгка будзе забясьпечыць усіх права на волевыяўленьне.

«Тады патрэбныя зьмены ў заканадаўства, у Выбарчы кодэкс. Рабіце гэта хутка. Час. Калі, як я сказаў сэнатару ЗША Ліндсі Грэму, вы дасьцё мне 5 мільярдаў, таму што я не магу проста ўзяць 5 мільярдаў з бюджэту, і я лічу, што гэта якраз тая сума, якая патрэбная, каб правесьці выбары ў звычайны час. У вайну, я не ведаю, што гэта за сума. Таму я яму сказаў, калі Злучаныя Штаты разам з Эўропай дадуць нам фінансавую падтрымку... Прабачце, я нічога не прашу, выбары ў крэдыт праводзіць не буду, забіраць грошы ад зброі і даваць іх на выбары я таксама ня буду», — сказаў Зяленскі.

На думку Зяленскага, адказнасьць за выбары падчас вайны павінныя падзяліць і краіны Захаду, якія настойваюць на такім волевыяўленьні.

«Тады давайце разам рызыкнем. Як? Назіральнікі павінны быць у акопах», — сказаў ён.

Пры гэтым Зяленскі дадаў, што не хацеў бы «фантазіраваць», што краіна пражыве без выбараў «тры, пяць, сем гадоў».

«Я не хачу, каб адносна ўладаў склалася ўражаньне, што яны за нешта трымаюцца. Я ні за што не трымаюся, я хацеў бы правесьці выбары. Шчыра кажучы, я хацеў бы зрабіць гэта на працягу года», — сказаў прэзыдэнт, але зьвярнуў увагу на баі, якія працягваюцца, разбураную інфраструктуру і вялікую колькасьць людзей, якія пакінулі краіну з-за вайны.

23 жніўня ў Кіеве амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што выбары ва Ўкраіне павінныя адбыцца ў наступным годзе нават ва ўмовах вайны. На яго думку, «свабодныя і справядлівыя выбары, нават падчас нападу» на Ўкраіну, могуць прадэманстраваць, ці зьмянілася краіна ў пытаньні карупцыі.

Уладзімір Зяленскі і Ліндсі Грэм, Кіеў, 26 траўня 2023

«Амэрыканскі народ павінен ведаць, што Ўкраіна зьмянілася. У мінулым гэта была вельмі карумпаваная краіна. Я думаю, што Ўкраіне прыйшоў час зрабіць наступны крок да станаўленьня дэмакратыі, а гэта — правесьці выбары ў 2024 годзе», — сказаў Грэм.

Чарговыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне павінныя былі прайсьці ў 2024 годзе, але падчас ваеннага становішча выбары не праводзяцца. На запыт Радыё Свабода ў Міністэрстве фінансаў раней заявілі, што ў сувязі з ваенным становішчам няма падставаў прадугледжваць сродкі ў бюджэце на выбары 2024 году.