«Сэнат» захоўвае ананімнасьць і адмаўляецца публічна паведамляць дэталі свайго прыватнага жыцьця. Размова зь ім была да таго, як стала вядома пра новую групу загінулых «каліноўцаў».
«Я дапамагаю ўкраінцам»
— Матывацыя беларуса ехаць ваяваць, рызыкаваць сваім адзіным жыцьцём на вайне ва Ўкраіне — якая яна?
— Я, колькі сябе памятаю, цікавіўся беларускай гісторыяй, культурай ды мовай. Таму маю беларускую ідэнтычнасьць. У Беларусі ня ўсе ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, асабліва на высокіх кіроўных пасадах. Праз гэта Беларусь і апынулася пад гібрыднай акупацыяй РФ. Я дапамагаю Ўкраіне змагацца супраць агульнага ворага. Менавіта дапамагаю. Як і многія замежныя грамадзяне тут, ва ўкраінскім войску, якія кажуць, што прыехалі дапамагаць, а не перамагчы замест украінцаў. Бо ніхто іншы, апроч украінцаў, ня вызваліць краіну ад акупантаў. Спадзяюся, што паралельна можна выбудаваць сапраўднае беларускае вызвольнае войска.
Добраахвотнік «Сэнат»— Чаму выбралі месцам службы полк Каліноўскага? Вы ж ехалі ва Ўкраіну ў структуры падразьдзелу «Пагоня»?
— Так, спачатку я быў у «Пагоні», таксама трэнаваў людзей з «ByPol». Але далучыўся да палку Каліноўскага. Бо зразумеў, што той жа плян «Перамога» — ён пад мірны час. Там не хапала спэцыялістаў, каб падрыхтаваць, скажам, нармальнага выведніка. Бо гэта ня так проста. У выведніка мусіць быць пэўны склад характару. Я меў камунікацыі з рознымі беларускімі падразьдзеламі ва Ўкраіне. І ўбачыў, што там няма сыстэмнага стратэгічнага падыходу. На момант восені 2022 году сыстэмнасьць, структурнасьць і стратэгія былі ў палку Каліноўскага. Таму мы і далучыліся да іх. Але хачу сказаць, з сваіх назіраньняў, што большасьць «калявайсковых» беларусаў — тыя, хто ваюе, хто трэнуецца, хто ў рэзэрве палку, хто ў «харугвах» ці ў Беларусі, недаацэньваюць лукашыстаў і пераацэньваюць сябе. Гэта гаворыць пра беларускі інфантылізм, які яскрава сябе паказаў у 2020 годзе.
Мы дзейнічалі тады інфантыльна, бо мусіць быць халодны разьлік, а не эмоцыі. Там, дзе халодны разьлік, — там посьпех, дзе эмоцыі — там будзе параза. Халодны разьлік і тут, на вайне, і наагул дасьць перамогу. Хоць ня ў блізкай пэрспэктыве, дык у далёкай.
«Гераізм — ад недахопу прафэсіяналізму»
— Якая, на ваш погляд, пэрспэктыва расейцаў пад Бахмутам?
— Я ўдзельнічаў у баях каля Бахмуту і там быў паранены. Расейскае войска ўзяло горад. Але што далей? Дынаміка падзеяў на фронце паказвае, што Бахмут будзе ў агнявым атачэньні ўкраінцаў. Яны надоўга перакрыюць Бахмут агнём. І гэта будзе вайсковая параза расейцаў. Яны будуць кідаць жывую сілу і тэхніку ў той кацёл ці плянава прарывацца, як было ў Херсоне. Гэтак будзе, калі ўкраінцы працягнуць плянамерна дзейнічаць вакол Бахмуту. Мы дзейнічалі на флянгах, дапамагалі 3-й штурмавой брыгадзе вызваляць ды ўтрымліваць тэрыторыю. Ад нашых пазыцыяў да іхных у некаторых месцах было недзе 70 мэтраў.
Там я быў паранены — аскепак трапіў у сьцягно, прайшоў глыбака ў нагу ды там і застаўся. Гэта адбылося, калі без дэталяў, праз пэўныя памылкі нашых сумежнікаў і недамоўленасьць у дзеяньнях. Наагул я лічу, што многія страты і раненьні — праз памылкі людзей. Ну што ж, раненьне — таксама досьвед. Мяне і параненага ўкраінца забралі, але ён памёр. І скажу, што гераізм — ён пры недахопе прафэсіяналізму. Калі ёсьць прафэсіяналізм — гераізм не патрэбны.
Беларускія добраахвотнікіВяртаюся да нашых стратаў, у тым ліку і ў першую чаргу беларускіх стратаў (размова адбывалася яшчэ да паведамленьня пра новых чацьвярых загінулых беларускіх добраахвотнікаў. — РС). Я лічу, што людзі гінулі ці праз памылкі, ці бо былі недастаткова падрыхтаваныя. Альбо, ведаючы, як рабіць правільна, — рабілі няправільна, ці не зважалі на нейкі альгарытм. Ці думалі: «От, пранясе». Раз, два «пранясе» сапраўды, на трэці раз — не.
— У інтэрвію Мікіту Мелказёраву беларускі баец «Янкі» заявіў пра 250 тысяч ваяроў, якія могуць памяняць уладу ў Беларусі. Што вы агулам думаеце пра такія заявы?
— Трэба падыходзіць без эмоцыяў, з халодным разьлікам. Трэба не папулізм, а экспэртнасьць. І так плянамерна, ня сёньня, дык заўтра, мы маглі бы зрабіць Беларусь вольнай, разьвітай краінай, дзе камфортна было б жыць беларусам. У першую чаргу арыентуючыся на нацыянальныя інтарэсы.
Сёньня я бачу праблемы самаідэнтыфікацыі беларусаў, славутай «вывучанай бездапаможнасьці», інфантылізму.
У нашым палку людзі розных поглядаў — левыя, правыя, анархісты, цэнтрысты. Але ўсе спакойна ўжываюцца, дыскутуюць. Калі ёсьць халодны разьлік, то кожны патрэбны. Палітыкі ня могуць аб’яднацца. Адны бачаць Беларусь такой, другія — іншай. А вось вайскоўцы могуць аб’ядноўвацца, бо яны бачаць Беларусь вызваленай ад Лукашэнкі ды гібрыднай акупацыі.
«Янкі» выказваў сваю суб’ектыўную думку. Ён не экспэрт. Гэта проста ягоная думка. Гісторыю робіць актыўная меншасьць. А калі астатнія зашыюцца па хатах — гэта іхны выбар. Тут, на вайне, мы бачым, што гісторыю робяць актыўныя невялікія падразьдзелы. Астатнія ж падцягваюцца за імі.
Рэжым разумее толькі пазыцыю сілы. І пытаньне будзе вырашацца сілавымі кампанэнтамі. Зноў жа, калі не пачнём цьвяроза ацэньваць абставіны і нашых апанэнтаў, то дачакаемся, што Коля (Мікалай Лукашэнка. — РС) прыйдзе да ўлады.
У 2020 годзе многія рашучыя людзі не выходзілі на пратэсты, бо бачылі, што гэта шлях у нікуды.
Добраахвотнік «Сэнат»«Мы мусім разважаць найперш пра тое, якой мы пакінем Беларусь нашчадкам»
— Вы шматкроць казалі пра «беларускі інфантылізм». Але ці ёсьць ад яго лекі?
— Лекі ад інфантылізму — зразумець, што вызваленьне Беларусі ды ператварэньне Беларусі ў дзяржаву для беларусаў, якая будзе бараніць правы і інтарэсы беларусаў, — гэта штодзённая сплянаваная праца. Трэба больш рабіць для агульнай справы і менш клапаціцца пра свой асабісты інтарэс, бо мы ў першую чаргу павінны разважаць, якою пакінем Беларусь нашчадкам. Калі нейкі беларускі дзяяч размаўляе пра агульныя рэчы без канкрэтыкі, абяцае, а потым не выконвае, кажа, што для лепшай долі беларусам амаль ня трэба напружвацца і за нас усё зробяць нашыя хаўрусьнікі, — гэта папуліст, які жадае, каб беларусы і надалей былі інфантыльнымі, бо такімі беларусамі прасьцей кіраваць.
Разбураны ў выніку расеййскага нападу будынак ва Ўкраіне— Што самае страшнае на вайне і што дапамагае вам перажываць складанасьці?
— Самае страшнае на вайне — гэта калі гінуць ні ў чым невінаватыя людзі, ні ў чым не вінаватыя дзеці. Страшна страчваць пабрацімаў, страшны прыцэльны абстрэл цяжкім узбраеньнем, калі схованка не адпавядае таму калібру, які б’е.
Мне дапамагае перажыць складанасьці на вайне тое, што я разумею, што раблю сваю справу, каб будучыя пакаленьні беларусаў ды ўкраінцаў жылі ў незалежных і нацыянальна арыентаваных Беларусі ды Ўкраіне.