У ЗША сэнатар-дэмакрат Бэн Кардзін заявіў, што ўзброенае паўстаньне групы «Вагнэр» зьяўляецца прыкметай таго, што ўлада прэзыдэнта Пуціна слабее.

У інтэрвію тэлеканалу Fox News Sunday Кардзін указаў на паўстаньне ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына як на сьведчаньне зьніжэньня даверу да Пуціна, нават сярод яго даўніх саюзьнікаў:

«Пуцін страціў давер уласнага народу. Яго тлумачэньне таго, чаму ён пайшоў ва Ўкраіну, цяпер выклікае сумнеў, я думаю, у грамадзкай думцы і ў самой Расеі», — адзначыў Кардзін.

«Гэта бандыты з бандытамі распраўляюцца», — сказаў ён. Ён падкрэсьліў, што «вельмі важна, каб ЗША працягвалі падтрымліваць Украіну і не бянтэжыліся тым, што адбываецца ў Расеі, калі гаворка ідзе пра патрэбы ўкраінцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:У Генпракуратуры Расеі заявілі, што крымінальнай справы супраць Прыгожына не спынілі

У сваю чаргу сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм выказаў упэўненасьць, што і Пуцін, і Прыгожын павінны паўстаць перад судом у Гаазе:

«Сапраўдны марш да справядлівасьці» ў Расеі заканчваецца ў Гаазе як для Пуціна, так і для Прыгожына», — напісаў у твітэры Ліндсі Грэм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі, як Лукашэнка можа выкарыстаць свой удзел у спыненьні мяцяжу Прыгожына

Як раней паведамляў «Голас Амэрыкі», дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што спроба дзяржаўнага перавароту ў Расеі паказвае «сапраўдныя расколіны» ва ўладзе Пуціна:

«Сам Прыгожын падчас усяго гэтага інцыдэнту падняў глыбокія пытаньні наконт саміх перадумоў расейскай агрэсіі супраць Украіны, заявіўшы, што Украіна або НАТА не ўяўляюць пагрозы для Расеі, што зьяўляецца часткай наратыву (прэзыдэнта) Пуціна. І гэта быў прамы выклік уладзе Пуціна. Такім чынам, гэта выклікае глыбокія пытаньні. Гэта паказвае сапраўдныя расколіны», — сказаў Блінкен CBS News.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:У Белым доме сочаць за сытуацыяй вакол ПВК «Вагнэр» і яе кіраўніка Прыгожына. Байдэна паінфармавалі

Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль завіў, што бунт «Вагнэра» паказаў, што вайна ва Ўкраіне «падрывае расейскую моц»:

«Тое, што адбылося ў гэтыя выходныя, паказвае, што вайна супраць Украіны падрывае моц Расеі і ўплывае на яе палітычную сыстэму», — заявіў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ.

«Дрэнна бачыць, што такая ядзерная дзяржава, як Расея, можа трапіць у фазу нестабільнасьці. Гэта таксама неабходна ўлічваць», — сказаў Бурэль журналістам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Ціханоўская адрэагавала на абвяшчэньне прыезду Прыгожына ў Беларусь: «Яшчэ адзін элемэнт нестабільнасьці»

Паводле яго слоў, «найважнейшая выснова заключаецца ў тым, што вайна супраць Украіны, распачатая Пуціным, і монстар, якога Пуцін стварыў з „Вагнэрам“» зараз павярнуліся супраць расейскага кіраўніка:

«Пачвара дзейнічае супраць свайго стваральніка, палітычная сыстэма дэманструе далікатнасьць, а ваенная моц дае расколіну», — сказаў Бурэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Сакратар украінскай Рады бясьпекі: Лукашэнка можа ўзяць удзел у перамовах з Украінай

Міністар замежных спраў Швэцыі Тобіяс Більстрэм заявіў, што беспарадкі зьяўляюцца «ўнутранай справай» Расеі. Паводле яго слоў, цяпер «самае галоўнае» — падтрымаць Украіну, каб яна магла адваяваць сваю тэрыторыю.

Нядаўнія падзеі ў Расеі сьведчаць аб «масіўных расколінах» унутры расейскай палітычнай сфэры, заявіла міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак, дадаўшы, што Нямеччына ня будзе ўмешвацца ў тое, што яна назвала «ўнутрыпалітычнымі пытаньнямі»:

«Мы назіраем масавыя расколіны ў расейскай прапагандзе», — сказала Бэрбак, дадаўшы, што заходнія саюзьнікі будуць працягваць падтрымліваць Украіну ў вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:У Белым доме сочаць за сытуацыяй вакол ПВК «Вагнэр» і яе кіраўніка Прыгожына. Байдэна паінфармавалі