Колішні прэыздэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў у Маямі, дзе 13 чэрвеня мусіць адбыцца суд па выстаўленьні яму абвінавачаньняў у несанкцыянаваным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў нацыянальнай бясьпекі пасьля таго, як ён пакінуў Белы дом у 2021 годзе.

Судовае пасяджэньне, як паведамляе Голас Амэрыкі, адбудзецца а 15 гадзіне па мясцовым часе.

Фэдэральныя ўлады ўзмацнілі ахову вакол будынку суда, а афіцыйныя асобы Маямі заявілі, што гатовыя на выпадак агрэсіі з боку прыхільнікаў экс-прэзыдэнта і пратэстоўцаў.

«У нашым горадзе мы верым у Канстытуцыю і лічым, што людзі павінны мець права выказвацца. Але мы таксама верым у правапарадак. І мы гэта ведаем, і мы спадзяемся, што дзень будзе мірным», — сказаў напярэдадні мэр Маямі Фрэнсіс Суарэс на прэсавай канфэрэнцыі.

9 чэрвеня Фэдэральны суд ЗША апублікаваў 37 абвінавачваньняў у дачыненьні да Дональда Трампа. Былога прэзыдэнта Злучаных Штатаў сярод іншага абвінавачваюць у несанкцыянаваным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў і змове з мэтай перашкодзіць правасудзьдзю пасьля таго, як ён пакінуў Белы дом у 2021 годзе.

Судовае рашэньне было абнародаванае ў дзень, калі двое юрыстаў заявілі, што ня будуць прадстаўляць інтарэсы былога прэзыдэнта, а былому памочніку экс-прэзыдэнта Ўолту Навуце прад’явілі абвінавачаньні ў сувязі зь неналежным абыходжаньнем з сакрэтнымі паперамі ў рэзыдэнцыі Трампа.

Па самым «цяжкім» з артыкулаў абвінавачаньня Трампу пагражае да 20 гадоў турмы. Былы прэзыдэнт ЗША ужо заявіў ва ўласнай сацсетцы, што віну не прызнае.

Журналісты называюць абвінавачаньні ў дачыненні да былога прэзыдэнта, вылучаныя фэдэральнай пракуратурай, беспрэцэдэнтнымі — у гісторыі ЗША такога не здаралася.

Акрамя таго, працэс будзе праходзіць на фоне прэзыдэнцкай перадвыбарнай гонкі. Выбары адбудуцца ў наступным годзе і Трамп збяўляецца адным з кандыдатаў, які лідзіруе ў апытаньнях. Але судовы перасьлед ня будзе перашкодай для правядзеньня выбарчай кампаніі.

Трамп і яго палітычныя саюзьнікі называюць перасьлед помстай з боку прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна. У сваю чаргу Белы дом заявіў, што загадзя аб абвінаваўчым заключэньні адносна экс-прэзыдэнта ня ведаў.

У жніўні летась Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў правяло ў рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага ў Флёрыдзе ператрус. Тады былі канфіскаваныя 11 камплектаў сакрэтных дакумэнтаў і каля двух дзясяткаў каробак, пра зьмесьціва якіх не паведамлялася.

Трамп заяўляў, што канфіскацыя праводзілася незаконна, паколькі многія з дакумэнтаў ён рассакрэціў сам падчас свайго прэзыдэнцтва.