На пытаньні Свабоды Premium адказвае аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў.

Прычына прымяненьня такой зброі, паводле Лукашэнкі, можа быць толькі адна — агрэсія супраць Беларусі:

«І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў. Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя. Гэта зброя стрымліваньня».

«Ня дай Бог мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка.

У Расеі заяўлялі, што расейская тактычная ядзерная зброя ў Беларусі застанецца пад іх кантролем. Чаму Лукашэнка і Крэмль робяць супярэчлівыя заявы?

Цалкам інтэрвію з Рыгорам Ніжнікавым глядзіце ў відэавэрсіі на Youtube.

«Лукашэнка намагаецца стварыць уражаньне, што гэта ён зьяўляецца адным з тых, хто прымае рашэньні па беларускім пытаньні, па беларускай зьняшнай палітыцыі і палітыцы бясьпекі. Гэта ўжо ня так. Вядома, што Масква прымае асноўныя рашэньні, але для Лукашэнкі важна захоўваць твар і паказваць, што ён застаецца тым, хто кантралюе сытуацыю ў Беларусі. Ня думаю, што ў Масквы ёсьць нейкая рацыя даваць Лукашэнку рычагі ўплыву. Лукашэнка цалкам залежны, ён робіць усё, што ад яго просяць і ня просяць», — гаворыць Ніжнікаў.

Паводле аналітыка, для Лукашэнкі няма ніякай выгады ад зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі, акрамя таго, што гэта паказвае Пуціну яго ляяльнасьць.

«Ён трапіў ва ўласную пастку, калі рабіў свае звычайныя рытарычныя прыёмы, кажучы, што я магу тое, сёе, пагражаў Захаду. І ў нейкі момант Пуцін сказаў, што добра, чаму б і не, давай так і зробім. У Лукашэнкі няма цяпер ніякай прасторы для манэўру, каб адмаўляцца ад таго, што просіць Масква. Таму адзіная карысьць у тым, што Пуцін бачыць, які ляльны яму Лукашэнка. Але празь некаторы час гэтага можа быць недастаткова, каб захоўваць Лукашэнку ва ўладзе». — лічыць Рыгор Ніжнікаў.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказы

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Сам Лукашэнка па стане на 28 сакавіка ніяк не пракамэнтаваў словаў Пуціна аб намерах разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

  • Дзьмітры Гурневіч

    Журналіст Радыё Свабода

    hurnievicd@rferl.org

    ФЭЙСБУКТВІТЭРПадпісацца