Усе яны былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу за датычнасьць да рэпрэсій беларускіх студэнтаў.

На момант увядзення санкцый 21 чэрвеня 2021 года Бахановіч быў рэктарам Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Цяпер ён займае пасаду першага намесьніка міністра адукацыі. Рубніковіч быў і застаецца рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Згодна з судовым дакумэнтам, Рубніковіч быў унесены ў санкцыйны сьпіс, паколькі «нясе адказнасьць за рашэньне адміністрацыі ВНУ аб адлічэньні студэнтаў, якія прынялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту». Гэтае рашэньне, зазначае суд, было прынята «пасьля прызыву Лукашэнкі 27 кастрычніка 2020 года забараніць студэнтам удзельнічаць у акцыях пратэсту і страйках у ВНУ».

«Такім чынам, падавальнік скаргі нясе адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі», — зазначаецца ў рашэньні Эўрапейскага суда.

Аналягічным чынам суд патлумачыў, чаму ў санкцыйны сьпіс былі ўнесеныя Скрыбу і Бахановіча.

7 чэрвеня Эўрапейскі суд у Люксембургу адхіліў пазоў беларускага бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў уключэньне ў санкцыйны сьпіс Эўразвяза.

Раней былі адхіленыя пазовы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Любецкай, Аляксандра Амельянюка, Алега Гайдукевіча (таксама ўзначальвае Ліберальна-дэмакратычную партыю) і намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Гусачэнкі, якія спрабавалі аспрэчыць уключэньне іх у санкцыйны сьпіс ЭЗ.