Выстава «З Украінай у сэрцы», створаная фондам «Вольная Беларусь» і ўкраінскімі актывістамі, пасьля прэзэнтацыі ў розных рэгіёнах Украіны адкрылася ў Цэнтры наведнікаў Сейму Літвы ў Вільні. Яна працягнецца да 16 чэрвеня, а пасьля наведае яшчэ дзьве эўрапейскія сталіцы — Варшаву і Прагу.

«Мэта — увекавечыць імёны беларускіх герояў»

Выстава расказвае пра жыцьцё і гібель дваццаці беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны, пачынаючы з 2014 году.

Разам з фатаздымкамі на выставе прадстаўленыя і асабістыя рэчы беларускіх воінаў — бронекамізэлька Міхася Шавельскага, які ваяваў пад пазыўным «Юнгер» і загінуў летась у кастрычніку падчас баёў у Херсонскай вобласьці, а таксама бел-чырвона-белыя сьцягі, пад якімі беларускія добраахвотнікі змагаліся з расейскімі войскамі на паўднёвым кірунку і ратавалі параненых пад Бахмутам.

Сёньня выстава папоўнілася новымі экспанатамі. Ніна Шыдлоўская, былая жонка аднаго з заснавальнікаў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага, які загінуў сёлета ў траўні пад Бахмутам, перадала арганізатарам выставы ягоны шаўрон, балаклаву і тактычныя рукавіцы.

Ніна Шыдлоўская перадала для будучага музэю ва Ўкраіне асабістыя рэчы Міраслава Лазоўскага

«Кожны з гэтых беларускіх хлопцаў, які пайшоў абараняць Украіну, зрабіў асэнсаваны выбар. Кожны зь іх меў такія якасьці, якія б вельмі прыдаліся пры пабудове дэмакратычнай Беларусі ў будучым», — сказала Ніна Шыдлоўская.

Ніна Шыдлоўская, былая жонка аднаго з заснавальнікаў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Ён загінуў 16 траўня 2023 году ў баях пад Бахмутам

Алена Гергель, жонка Васіля Парфянкова, які загінуў летась у чэрвені пад Лісічанскам і дагэтуль не пахаваны, адзначыла, што ўсе беларусы, якія ваявалі на баку Ўкраіны або працавалі валянтэрамі, мелі такія ж каштоўнасьці, як і ўкраінцы, бо разумелі, што «вораг — агульны, які тэрарызаваў стагодзьдзямі ўвесь цывілізаваны сьвет».

Алена Гергель кажа, што цела яе загінулага мужа Васіля Парфянкова, як і іншых загінулых пад Лісічанскам, пакуль ня могуць забраць і вярнуць на падкантрольную тэрыторыю для пахаваньня

Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч паведаміў Свабодзе, што пачынаючы з 2014 году ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне загінулі больш за 40 этнічных беларусаў.

«Мы зьбіраем інфармацыю пра загінулых беларусаў ня толькі па прыкмеце іхнай прыналежнасьці да Беларусі паводле грамадзянства. Мы шукаем і ўшаноўваем памяць усіх загінулых беларусаў паводле нацыянальнасьці, незалежна ад грамадзянства. І заклікаем усіх, хто ведае такія факты, перадаваць нам інфармацыю», — сказаў Аляксей Францкевіч.

Аляксей Францкевіч зьбірае інфармацыю пра ўсіх этнічных беларусаў, што загінулі ва Ўкраіне

«Наша мэта — увекавечыць іхныя імёны. Мы шчыра спадзяёмся, што імёны беларускіх герояў будуць ушаноўваць ня толькі ва Ўкраіне, але і ў свабоднай і незалежнай Беларусі, а іхнымі імёнамі будуць называць вуліцы», — заявіў Аляксей Францкевіч на цырымоніі адкрыцьця выставы.

«За нашу і вашу свабоду»

Цырымонія адкрыцьця распачалася з хвіліны маўчаньня і малітвы ў памяць загінулых беларусаў. Службу адразу на трох мовах — літоўскай, беларускай і ўкраінскай — правёў праваслаўны сьвятар Віталіюс Моцкус. Ён вядомы тым, што праз крытыку расейскай вайны ва Ўкраіне Расейская праваслаўная царква ў Літве пазбавіла яго пасады канцлера. Да гэтага «пакараньня» ён лічыўся другой асобай у Літоўскай япархіі.

Службу адразу на трох мовах — літоўскай, беларускай і ўкраінскай — правёў праваслаўны сьвятар Віталіюс Моцкус

Кіраўніца фракцыі сацыял-дэмакратаў літоўскага парлямэнту Арынта Ляйпуце прызналася, што выстава выклікала ў яе адразу некалькі супярэчлівых адчуваньняў — сум, злосьць, боль і захапленьне мужнасьцю беларусаў і ўкраінцаў.

Кіраўніца фракцыі сацыял-дэмакратаў літоўскага парлямэнту Арынта Ляйпуце

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў замежных справах Жыгімантас Павілёніс адзначыў, што ўдзел беларусаў у вайне з Расеяй на баку Ўкраіны — сьведчаньне адзінства з украінскім народам.

«Трэба зрабіць усё, каб вайна скончылася пасьпяхова. [...] Сёньня гістарычны час стварыць непадзельную Эўропу, у якой Беларусь можа быць яе часткай», — сказаў ён. Літоўскі дэпутат перакананы, што будучыня Беларусі павінна быць зьвязаная з Эўразьвязам і NATO.

Дэпутат Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс: «Трэба зрабіць усё, каб вайна скончылася пасьпяхова»

Дэпутат Сейму Літвы Эмануэліс Зінгерыс таксама лічыць, што беларускія добраахвотнікі, якія змагаюцца ў шэрагах украінскага войска, адстойваюць эўрапейскую будучыню для Беларусі. Ён перакананы, што Аляксандар Лукашэнка павінен быць прызнаны ваенным злачынцам, як і Ўладзімір Пуцін.

На думку намесьніка кіраўніка парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Томаса Тамілінаса, які выступаў на беларускай мове, пасьля перамогі Ўкраіны спатрэбіцца больш пільная праца «з улікам усіх памылак 1994 году».

Намесьнік кіраўніка парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Томас Тамілінас прамаўляў па-беларуску

Прадстаўнік амбасады Ўкраіны ў Літве Ільля Зьвенігародзкі, які таксама выступаў па-беларуску, адзначыў, што выстава «З Украінай у сэрцы» сьведчыць пра тое, што «сапраўды ёсьць беларусы, якія дапамагаюць Украіне». «Мы чакаем, калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, а рэжым Лукашэнкі перастане існаваць», — дадаў ён.

Прадстаўнік амбасады Ўкраіны ў Літве Ільля Зьвенігародзкі

Большасьць выступаў завяршаліся словамі «За нашу і вашу свабоду», «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне».

Асабістыя рэчы беларускіх добраахвотнікаў і сьцяг з фронту, пад якім яны ваявалі

У Бучы экспазыцыя пра беларускіх добраахвотнікаў будзе прадстаўлена ў новым музэі

Дэпутат Бучанскай гарадзкой рады Васіль Аляксюк паведаміў, што ў горадзе ўжо пачаў стварацца музэй расейскай агрэсіі. Менавіта ў Бучу, якая стала сымбалем жорсткасьці і ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў, пасьля сваіх вандровак па Ўкраіне і Эўропе перамесьціцца гэтая выстава. У музэі будуць і іншыя экспазыцыі, прысьвечаныя добраахвотнікам-іншаземцам, у тым ліку з Грузіі і Расеі.

Дэпутат Бучанскай гарадзкой рады Васіль Аляксюк хоча, каб імёны беларускіх добраахвотнікаў былі ўшанаваныя ў мясцовым музэі

«Я хачу, каб мая краіна і мой горад сталі сымбалямі адраджэньня і шчасьця, а ня гора і болю», — сказаў дэпутат Бучанскай гарадзкой рады.

Бучанская грамада адной зь першых ушанавала памяць беларускага добраахвотніка Ільлі Хрэніна, які ваяваў пад пазыўным «Літвін». Цяпер вуліца на мяжы між Ворзелем і Бучай носіць ягонае імя.

На выставе прадстаўленыя гісторыі дваццаці з больш як сарака беларусаў, што загінулі ва Ўкраіне. Але ня ўсе імёны пакуль можна назваць

27-гадовы Ільля ваяваў у беларускай роце тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў» і стаў першым беларускім добраахвотнікам, які загінуў пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Ільлю паранілі ў баях за Бучу, зрабілі апэрацыю, але гэта не дапамагло. 4 сакавіка 2022 году беларус памёр.

Перад афіцыйным адкрыцьцём выставы прадэманстравалі відэаролік, у якім беларусы-добраахвотнікі расказвалі, чаму пайшлі абараняць Украіну. Ролік склалі са здымкаў тых, хто загінуў