Прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла пра сустрэчу і працытавала Ціханоўскую:

«Вызваліць Беларусь мы можам толькі разам. Нам трэба размаўляць і аб’ядноўвацца. Кожны працуе ў сваім кірунку. Каліноўцы сёньня змагаюцца ня толькі за Ўкраіну, але і за свабодную Беларусь. Мы падтрымліваем іх працу і ўсіх тых, хто працягвае барацьбу.

Я падзякавала добраахвотнікам за іх гераізм. У нас супольная мэта — свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь», — адзначыла Ціханоўская.

У тэлеграм-канале палка Каліноўскага апублікавалі скрыншоты запісу сустрэчы і паведамленьне пад загалоўкам «Беларусь можна вызваліць толькі сілавым шляхам!», у якім гаворыцца пра тое, што байцы палка «данесьлі сваю пазыцыю Сьвятлане Ціханоўскай». Падрабязнасьцяў гутаркі ў палку не паведамілі.

Як паведамілі «Зеркалу» ў падразьдзяленьні, сустрэча была азнаямленчая, «з пэрспэктывай на будучыню». У ёй удзельнічаў таксама дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка. «У грамадзтве патрэбная кансалідацыя ўсіх людзей, што прагнуць свабоды Беларусі», — адзначылі ў падразьдзяленьні.