У Расеі на акцыях у падтрымку апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага затрымалі больш за 45 чалавек, падлічыў праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Паводле зьвестак праекту, мінімум чацьвёра з затрыманых непаўналетнія, сярод затрыманых адзін журналіст.

«Паветраныя шарыкі, надпісы на асфальце і іншыя абсурдныя абставіны становяцца сёньня падставамі для затрыманьняў», — адзначаюць праваабаронцы, указваючы, што публікуюць толькі імёны тых людзей, пра затрыманьне якіх ім дакладна вядома. Насамрэч затрыманьняў можа быць больш.

Аляксею Навальнаму, які сядзіць у калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці Расеі, 4 чэрвеня споўнілася 47 гадоў. Яго прыхільнікі раней анансавалі сусьветную акцыю ў яго падтрымку ў дзясятках гарадоў па ўсім сьвеце.

Пры гэтым частка палітолягаў і грамадзкіх дзеячаў, а таксама некаторыя з прыхільнікаў Навальнага папярэджвалі людзей, якія жывуць у Расеі, што для іх выхад на вуліцу можа абярнуцца крымінальнай або адміністрацыйнай справай.