Раней «Русский добровольческий корпус» (РДК), які ваюе на баку Ўкраіны, прапанаваў Гладкову сустрэцца на тэрыторыі храма ў Новай Тавалжанцы непадалёк ад мяжы з Украінай і перадаць яму двух «палонных расейскіх салдат». На відэа РДК паказалі меркаваных палонных.
У сваім відэазвароце губэрнатар заявіў, што бачыў зварот «нягоднікаў, забойцаў і фашыстаў». Ён заявіў, што гатовы сустрэцца для перадачы палонных, але ў іншым месцы – на памежным пераходзе Шабекіна.
РДК 4 чэрвеня разьмясьціў у Тэлеграм-канале відэа з подпісам: «Зноў на роднай зямлі». У паведамленьні зазначаецца, што «перадавая штурмавая група РДК і ЛСР (Легіён "Свобода России") заходзіць з баямі ў прыгарад Шабекіна». На запісе паказаны людзі ў камуфляжы, якія перамяшчаюцца па населеным пункце. Калі было зьнятае відэа, не ўдакладняецца.
У апошнія дні мясцовыя ўлады прымежнага расейскага гораду Шабекіна заяўляюць аб абстрэлах з боку Ўзброеных сілаў Украіны амаль кожны дзень. Украіна іх не камэнтуе.