«У поле зору беларускага КДБ ён трапіў як колішні камандзір падразьдзелу дэсантна-штурмавых войскаў Савецкага Саюзу. Тады ён браў актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях у Аўганістане», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.
У ведамстве ўдакладнілі, што беларускі грамадзянін выконваў заданьні на Ровеншчыне і зьбіраў інфармацыю, абыходзячы памежную тэрыторыю і назіраючы за перамяшчэньнем сіл абароны.
У СБУ дадалі, што КДБ завэрбавала затрыманага ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі «для выведна-падрыўной дзейнасьці». Яго затрымалі па месцы пражываньня ў той час, калі ён у чарговы раз перадаваў сабраныя зьвесткі аб абароне паўночных межаў Украіны і маршрутах перамяшчэньня вайсковай тэхнікі.
1 чэрвеня стала вядома, што ва Ўкраіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі, які нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласьці, паводле падазрэньня аб перадачы інфармацыі пра перамяшчэньне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыяй.
Раней гэты грамадзянін ужо быў засуджаны за апраўданьне і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.