Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб правядзеньні завяршальнага этапу камандна-штабных навучальных збораў з тэрытарыяльнымі войскамі Ленінскага раёну Менску.

«Вайскоўцы адпрацавалі на практыцы навыкі на трох навучальных пазыцыях: важны раённы аб’ект тэрытарыяльнай абароны, блёкпост і ўчастак розыгрышу барацьбы з дывэрсійна-выведнай групай», – адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Мінабароны Беларусі.

У часе збораў таксама адпрацавалі, як падрыхтаваць аб’ект да функцыянаваньня ва ўмовах ваеннага часу, арганізаваць службу на блёкпастах, папярэджваць спробы пранікненьня дывэрсійных груп і як іх зьнішчаць.

Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году. Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

Пасьля дэакупацыі Кіеўскай, Харкаўскай і часткі Херсонскай вобласьці ў інфармацыйным полі пэрыядычна абмяркоўваецца магчымае паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі.

Палата прадстаўнікоў 31 траўня ўхваліла ў першым чытаньні праект закону «Аб народным апалчэньні», створаным на ўзор украінскага 2022 году.

«Пры распрацоўцы законапраекту за аснову быў узяты сучасны досьвед стварэньня добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрытарыяльных грамад Украіны ў 2022 годзе», – заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін, прадстаўляючы праект закону.

Праект закону прадугледжвае надзяленьне ўраду паўнамоцтвамі вызначаць захады ў падрыхтоўцы да фармаваньня народнага апалчэньня, якія праводзяцца ў мірны час мясцовымі органамі ўлады, парадак фармаваньня (расфармаваньня) народнага апалчэньня, камплектаваньня і вядзеньня ўліку добраахвотнікаў, залічэньня іх у народнае апалчэньне і выхаду.

Праект вызначае правы і абавязкі, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны добраахвотніка, яго адказнасьці.