Папярэднія выбары былі байкатаваныя этнічнымі сэрбамі, якія жывуць у часткова прызнанай дзяржаве. Прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці заявіў, што ён не супраць гэтай прапановы.

Прапанова тычыцца перавыбараў у паўночнай частцы Косава, дзе этнічныя сэрбы складаюць большасьць насельніцтва. Пасьля муніцыпальных выбараў, якія прайшлі ў красавіку, там адбываюцца масавыя пратэсты. Мясцовыя жыхары спрабуюць блякаваць праход у муніцыпальныя будынкі нядаўна абраных службовых асобаў. Паводле інфармацыі агенцтва Associated Press, падчас беспарадкаў былі падпаленыя некалькі аўтамабіляў. Паліцыя ўжывала сьлезацечны газ.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч паведаміў, што прывёў войска «у стан падвышанай гатоўнасьці» і распарадзіўся тэрмінова перакінуць сэрбскія войскі да мяжы з Косавам.

Паводле інфармацыі выданьня Politico, прэмʼер-міністар Косава Курці заявіў, што гатовы да арганізацыі новых муніцыпальных выбараў. Ён таксама заклікаў Бялград прыкласьці ўсе намаганьні, каб не дапусьціць эскаляцыі канфлікту і гарантаваць бясьпеку будучых выбараў. Адказнасьць за беспарадкі Курці ўскладае на Сэрбію.

Прэзыдэнт Сэрбіі Вучыч, са свайго боку, 29 траўня зьвярнуўся да нацыі і ўсклаў адказнасьць за беспарадкі асабіста на Курці і на NATO, якое, на думку Вучыча, маніпулюе ўрадам Косава.