«Выехала з Украіны толькі таму, што сяброўцы было страшна там пасьля 24 лютага»

Цяпер «Пуме» 22 гады. На момант пратэстаў, у 2020 годзе, яна жыла ў Менску, працавала сушы-кухарам. Першы раз яе затрымалі яшчэ да выбараў, прычым выпадкова.

«Гэта быў ліпень 2020 году. На плошчы Якуба Коласа стаялі „ланцугі салідарнасьці“. Пачаўся хапун, пад які я трапіла выпадкова, бо проста апынулася там у гэты час. Тады атрымала толькі папярэджаньне», — успамінае дзяўчына.

Паводле яе, на акцыі пратэсту яна пачала хадзіць 9 жніўня 2020 году. Наступнае затрыманьне, якое скончылася арыштам, адбылося на Дзень Волі, 25 сакавіка 2021 году.

«Тады ў чатах пісалі незразумела што. То выходзьце, то не выходзьце, то зьбірайцеся, то не зьбірайцеся. У выніку мы выйшлі і проста гулялі па горадзе. І пачаўся хапун, забіралі ўсіх, хто там быў. Так і мяне схапілі зь сяброўкамі», — кажа «Пума».

Пасьля адбыцьця арышту яе пачалі выклікаць у Сьледчы камітэт, забралі тэлефон. Дзяўчына вырашыла пераехаць. Так улетку 2021 году яна апынулася ў Кіеве. Там уладкавалася на працу па спэцыяльнасьці, сушы-кухарам.

«Да апошняга не хацелася верыць, што будзе паўнавартасная вайна. Да мяне акурат за некалькі дзён да 24 лютага прыехала сяброўка зь Беларусі. І тут пачалося: паляцелі самалёты, ракеты. Нягледзячы на гэта, я не хацела пакідаць Украіну. Але і працаваць асабліва не было дзе, усё пазакрывалася. Сядзець без капейкі на арэнднай кватэры? Я паехала 27 лютага ў Польшчу, але гэта больш дзеля сяброўкі, бо ёй было страшна», — тлумачыць «Пума».

Добраахвотніца «Пума»

«Дзяўчат спачатку не хацелі браць, мне нават на заяўку не адказалі»

Яна зь сяброўкай прыехалі да знаёмых беларусаў у Варшаву. Там «Пума» прабыла каля месяца. Кажа, што Польшча ёй ня надта спадабалася «як краіна, дзе б я магла жыць і чакаць вызваленьня Беларусі».

«Мне было цяжка сядзець склаўшы рукі, ведаючы, што адбываецца, і што мая Радзіма замешаная ў гэтым. Мне было сорамна перад украінцамі. Па факце я адношуся да Беларусі, нічога тут не паробіш. Я не хацела мець пачуцьця віны, што рэжым маёй краіны дазваляе бамбіць украінцаў. Напісала заяўку на далучэньне да палка Каліноўскага. Але на той момант дзяўчат не хацелі браць і мне не адказалі», — кажа «Пума».

Цяпер жа, зазначае яна, у палку дастаткова жанчын, якія служаць. Большасьць як парамэдыкі і мэдыкі.

Яна вырашыла самастойна вяртацца ў Кіеў. «Пума» мела часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне. На мяжы не абышлося бяз допыту і праверкі — чаго едзеш, куды менавіта, што будзеш рабіць. Але ўрэшце беларуску прапусьцілі.

У Кіеве яна знайшла магчымасьць далучыцца да палка Каліноўскага. Ужо больш за сем месяцаў служыць там кіроўцам.

«Абавязкі вельмі розныя, іх шмат. Важу нарады, раненых са шпіталяў, якіх выпісваюць, на базу. Ці нашых ваяроў зь перадачамі ў шпіталь, дакумэнты, аўтамабілі на запраўку... Справаў хапае», — кажа «Пума».

Добраахвотніца «Пума»

«Абстрэлы больш не выклікаюць страху, толькі злосьць і агрэсію»

Беларуска расказвае, што за гэтыя месяцы ў палку ні ў чым і ні ў кім не расчаравалася, кідаць службу не зьбіраецца.

«Я нават не раздумвала, што кіну службу. Пляную заставацца да перамогі, натуральна. Мне падабаецца наш калектыў і тое, што мы разам робім агульную справу. Пасьля вайны што будзе?.. Пакуль надта ня думала. Вярнуцца ў Беларусь, калі яна будзе вольнай, — гэта ўсё-ткі пачынаць з нуля. Таму што тут я два гады, цяжка будзе зноў пераключацца. Я б, мусіць, жыла ў Кіеве і хацела б мець стабільную магчымасьць раз на месяц езьдзіць у Менск — бяз страху, што пасадзяць», — разважае «Пума».

Дзяўчына кажа, што да ейных сваякоў у Менску прыходзіла міліцыя пагаварыць пра яе. «Яны прасілі сваякоў, каб тыя мяне ўгаварылі, вярнуцца ў Беларусь. Сваякі ўжо тры разы праслухалі лекцыю пра тое, як цяжка жыць на чужыне. Але для чаго мне вяртацца, яны не тлумачылі», — кажа беларуска.

«Пума» зазначае, што цяпер ня мае страху пры абстрэлах, толькі злосьць. «Бо раней я не разьбіралася, што і адкуль ляціць. Цяпер жа больш ведаю, што вось СПА, вось дроны, ракеты. Таму ня так страшна», — зазначае яна.

«Пума» часам мае звальненьні, тады гуляе па Кіеве з украінскімі сяброўкамі. «Але Менск усё ж быў і застаецца родным горадам. Я там нарадзілася, пражыла колькі гадоў. Ён родны ў маім сэрцы», — дадала «Пума».

На далікатныя тэмы
пішыце нам сюды.

БЯСЬПЕЧНА