«Раней бы абмежаваліся вымовай»

Паводле крыніцы Свабоды, у калёніі, дзе знаходзіцца яе сын, увесну 2023 году сталі яшчэ больш жорсткімі ўмовы для палітычных вязьняў, а стаўленьне да іх супрацоўнікаў адміністрацыі стала больш прыдзірлівым.

«Паслала сыну некалькі асадак, а ён памыліўся ў падліках, указаў у вопісе на адну менш. У выніку за гэтую адну асадку адправілі ў ШЫЗА. Раней бы абмежаваліся вымовай. Проста шукаюць, за што б яшчэ пакараць», — расказала маці палітзьняволенага.

Другая жанчына распавяла пра ШЫЗА «за адну шкарпэтку».

«Хлопец згубіў адну шкарпэтку і адпаведна ў вопісе рэчаў зьменшыў колькасьць параў. Але яму сказалі: „Не, трэба было пазначыць, што ў цябе столькі вось параў з паловай“. І прызначылі пакараньне — ажно 10 дзён ШЫЗА».

Такое адбываецца толькі з палітычнымі, адзначаюць сваякі вязьняў, якія кантактуюць праз сацсеткі.

ШЫЗА як «прафіляктыка»

Па зьвестках сваякоў новых палітвязьняў, якія прыбывалі ў калёнію цягам вясны, зьмяшчэньне іх у ШЫЗА стала абавязковым, і гэта называюць «прафіляктыкай».

«Паводле якога б артыкулу чалавек ні быў асуджаны, калі ён палітычны — абавязкова адправяць у ШЫЗА. А потым сваякі зьдзіўляюцца, што зьмясьцілі ў карантын, напісаў, што нібыта ўсё нармальна, — і раптам зьнік на месяц, а то і болей. А ўсё проста: трапіў на „прафіляктыку“», — падзяліўся досьведам сваяк палітычнага вязьня.

«Лішні раз не напаляць абстаноўку»

Сваякі палітвязьняў калёніі ў Наваполацку, дзе адбываў пакараньне прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, падзяліліся некаторымі зьвесткамі пра яго. Зь іх словаў, вязьні-крымінальнікі гэтай калёніі запэўніваюць, што ніхто зь іх ня ўдзельнічаў у магчымым пабіцьці палітыка Бабарыкі. Вязьні мяркуюць, што гэта можа быць справай рук супрацоўнікаў адміністрацыі.

Пра тое, дзе цяпер трымаюць Бабарыку, вязьні калёніі ня ведаюць, але зазначаюць, што пасьля таго, як Бабарыку вывезьлі, адміністрацыя калёніі стала больш асьцярожнічаць.

«Направа-налева пакараньняў пакуль не раздаюць. Відаць, паступіў загад лішні раз не напаляць абстаноўку ў калёніі», — кажуць сваякі палітвязьняў пра сытуацыю ў Наваполацкай калёніі.

Вясноўца Валянціна Стэфоновіча накіравалі на чыстку кабэляў

У магілёўскай калёніі № 15 цяпер адбывае пакараньне праваабаронца-вясновец Валянцін Стэфановіч. Пра гэта паведаміла крыніца, якая кантактуе з адным зь вязьняў калёніі. Паводле яе, Валянціна Стэфановіча накіравалі працаваць на ачыстку кабэляў. Сярод зьняволеных гэтая праца лічыцца вельмі шкоднай і нявыгаднай, бо плацяць за яе лічаныя капейкі.

Былы вязень ПК№ 15 пад Магілёвам Аляксей, якому таксама давялося працаваць «на дратах», падрабязьней расказаў пра гэтую працу.

«Рукавіцы выдаюць на тыдзень, а яны зношваюцца за 2-3 дні»

«Чысьцяць дрот ад ізаляцыі нажамі. Гэта нязручна, небясьпечна, але што зробіш? Іншага інструмэнту не выдаюць.

Робы, у якую можна было б пераапрануцца, каб не запэцкацца на такой працы, не выдаюць. Шукаць даводзіцца самому за цыгарэты альбо купляць у турэмнай краме за асабістыя грошы. Не знайшоў — нікога не турбуе. Звычайную форму выдаюць адну на год, і калі ты сапсуеш яе „на промцы“ за два тыдні, дык гэта твае праблемы.

Раз на тыдзень выдаюць рабочыя рукавіцы, але іх хапае на два-тры дні, а далей выкідай. Таму ад працы голымі рукамі шмат драпінаў і нават моцных парэзаў.

Яшчэ непрыемны ўспамін — бойкі за драты паміж вязьнямі. Ім даюць жорсткія пляны, а драты бываюць розныя. Прыдатныя і ня вельмі прыдатныя для ачысткі. І вось як прывозяць на вазочку кучу тых дратоў, некаторыя пачынаюць сапраўдную бойку за тое, каб выхапіць сабе лепшыя. Прычым больш люта б’юцца за „лепшую долю“ тыя, хто ў размовах называў гэтую працу „нявольніцкай“ і гучней за ўсіх абураўся ўмовамі працы», — прыгадаў былы палітзьняволены.

Паводле Аляксея, ачыстка кабэляў ад ізаляцыі вельмі шкодная для здароўя, асабліва, калі ідзе пра ачыстку дроту зь сьвінцу.

І колькі ж плацілі за такую працу? Аляксей сьцьвярджае, што атрымліваюць на гэтай працы прыкладна 1,5 рубля за месяц. «Гэтага хапае роўна на дзьве пары рукавіц».

«Ведаеце, ад таго, што ў „зоне“ абсалютна няма ніякіх іншых заняткаў, дык нават такую рабскую працу некаторыя лічаць сваесаблівай забавай. Гэта яшчэ адна з хібаў вязьніцы — што скажаецца нармальная сьвядомасьць», — лічыць Аляксей, які вызваліўся з ПК-15 на пачатку году.

Нагадаем, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, які адбвае пакараньне ў ПК-15 пад Магілёвам, асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоны калега па «Вясьне», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках. Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, з калёніі ад яго прыйшоў толькі адзін ліст.

Што вядома пра ўмовы ў карцары, ШЫЗА і ПКТ

Дзе існуюць карцары, а дзе ШЫЗА

У карцар вязьня могуць зьмясьціць толькі ў сьледчым ізалятары, дзе ўтрымліваюць тых, хто яшчэ не асуджаны альбо хто атрымаў прысуд і чакае адказу на апэляцыю (арыштант, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, фармальна ня лічыцца злачынцам).

У калёніі асуджанага вязьня могуць пакараць за нейкае парушэньне зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар) альбо адправіць у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў, трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Чым розьняцца ўмовы ў карцары і ШЫЗА

У адрозьненьне ад карцара ў ШЫЗА на ноч не выдаюць матраца, коўдры і падушкі, там вязень сьпіць на голых дошках. Таксама ў штрафным ізалятары, у адрозьненьне ад ПКТ і карцара, дзе дазволена гадзінная прагулка, на сьвежае паветра не выводзяць.

Лісты вязьням ШЫЗА і карцара не прыносяць, кнігі, газэты таксама пад забаронай, не працуе нават радыё. ПКТ такое абмежаваньне не датычыць.

Што аднолькава ў ШЫЗА і карцары

Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзеньне, якое прымушаюць насіць вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары дазволеныя ручнік, кавалак мыла, рулён туалетнай паперы, зубная шчотка і паста.Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама аднолькавае ў ШЫЗА і карцары: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Ножкі стала і лаўкі прымацаваныя да падлогі.

Акрамя дзяжурнага, які рэгулярна зазірае ў «вочка», каб спраўдзіць, ці выконвае вязень распарадак, усе рухі зьняволенага ў ШЫЗА і карцары адсочвае і відэакамэра. Калі арыштант сядзе ці ляжа на падлогу, яму выставяць рапарт ці прызначаць новае пакараньне.