Камэнтуючы ўвядзеньне новых транспартных абмежаваньняў з боку Польшчы, прадстаўнік МЗС Беларусі агучыў сьпіс прэтэнзій да польскага боку, якія пералічвае Zerkalo:

  • «падрыхтоўка і вярбоўка на тэрыторыі Польшчы ваенізаваных фараваньняў для ажыцьцяўленьня тэрарыстычных актаў у Рэспубліцы Беларусь»;
  • «утрыманьне за кошт сродкаў простых польскіх грамадзян структураў, чыімі адкрытымі мэтамі зьяўляецца гвалтоўная зьмена ўлады ў Беларусі»;
  • «зьнішчэньне ўцекачоў і мігрантаў з паўднёвых краін, якія ідуць праз Польшчу ў Эўропу»;
  • «калючы дрот супраць людзей і дзікіх жывёл у Белавескай пушчы коштам паўмільярда даляраў ЗША з кішэні польскіх падаткаплатнікаў»;
  • «пагаршэньне ўмоў транзыту для панэўразійскіх транспартных перавозак»;
  • «прамы ўдзел у вайне на баку кіеўскага рэжыму».

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі «не прыгнятаецца ні адна з нацыянальных меншасьцяў, усе грамадзяне розных нацыянальнасьцяў жывуць у міры і згодзе».

  • 30 траўня МУС Польшчы абвясьціла аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс 365 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
  • Ад 1 чэрвеня Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фураў зь беларускімі і расейскімі нумарамі.
  • Раней Польшча ўжо закрыла памежны пераход у Баброўніках. Такім чынам, апошнія чатыры месяцы фуры маглі перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі праз пункт пропуску Казловічы — Кукурыкі.
  • Рашэньне Польшчы працягваць ціск на беларускі рэжым зьвязана з жорсткім прысудам журналісту Андрэю Пачобуту, якога асудзілі на 8 гадоў калёніі ў лютым. Тады ж Польшча паступова пачала ўводзіць абмежаваньні на рух фураў празь мяжу.
  • Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі 1 чэрвеня заявіў, што будзе хадайнічаць аб узмацненьні санкцый ЭЗ супраць Беларусі.