«У вас дазвол на жыхарства? Пакажыце!»

У сацыяльных сетках людзі сталі пісаць пра тое, што пры выезьдзе зь краіны на беларускім баку ў іх сталі пытацца дазвол на жыхарства ў Эўразьвязе. Раней такога не было.

«У мяне спачатку запыталіся пашпарт. Яго глядзелі доўга, вельмі доўга. Потым запыталіся падставы для ўезду ў Польшчу. „У вас дазвол на жыхарства? Пакажыце!“ Усе зьвесткі з дазволу на жыхарства яны пераносяць нібыта ў базу», — ананімна расказала Свабодзе жанчына, якая нядаўна пераходзіла беларуска-польскую мяжу.

Яна пацьвердзіла, што раней падчас кантролю зь беларускага боку пра гэта ніколі не пыталіся. Праз кароткі час пасьля гэтага выпадку яна зноў выяжджала зь Беларусі ў Польшчу, і ў яе зноў папрасілі дазвол на жыхарства і зноў адтуль перапісвалі зьвесткі ў кампутар.

«Я сказала: „У мяне яе ўжо перапісвалі“. Афіцэр у вакенцы сказала: „Так цяпер будзе заўсёды“. Сказала гэта добразычліва. Калі яна запісвала, прыйшлі яшчэ двое ў форме і глядзелі ўтраіх у маю карту. Ці то база недасканалая, ці то ў ёй не фіксуецца, што цябе ўжо правяралі, ня ведаю», — разважае суразмоўца.

Некаторыя карыстальнікі сацсетак пісалі, што дазвол на жыхарства ў ЭЗ яшчэ і скануюць. Нашая суразмоўца такога не заўважыла ў дачыненьні да сваіх дакумэнтаў.

«Дапытваюць украінцаў»

Адна са зьменаў у праверцы на беларуска-польскай мяжы датычыць грамадзянаў Украіны. Як расказала Свабодзе суразмоўца, цяпер кіроўца аўтобуса просіць, каб першымі кантроль праходзілі грамадзяне Ўкраіны. Іх на допыт забіраюць людзі ў цывільным. Раней такога не было.

«Я думаю, што, магчыма, нават не КДБ, а ФСБ. Гэта маладыя хлопцы, усе прыгожыя, „пародзістыя“, выкшталцоныя. Яны ў цывільным, вельмі прыстойна апранутыя, стылёвыя», — заўважае суразмоўца.

Людзі ў цывільным на беларускіх памежных пераходах — гэта яшчэ адна асаблівасьць, якая зьявілася ў апошнія некалькі месяцаў. На пытаньне жанчыны, чаму рэчы надглядае чалавек ня ў форме, хлопец ёй адказаў: «Прафэсія ёсьць такая».

«Яны ня злосныя, ня змрочныя, жартуюць. Робяць выключна станоўчае ўражаньне», — падсумоўвае нашая суразмоўца.

Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды ўдакладніў, што на допыты забіраюць ня толькі грамадзянаў Украіны, але і людзей, якія раней езьдзілі ва Ўкраіну, былі зь ёй зьвязаныя.

Паводле яго, людзі ў цывільным выглядаюць, як «тыповыя кадэбісты», у джынсах і кашулі, у яго няма ўражаньня, што гэта спэцслужбы з Расеі.

Беларус расказаў, што зь беларускага боку правяраюць на тэлефоне Telegram і Signal. Калі Signal’у няма, то могуць праверыць, ці чалавек яго ставіў раней і ці выдаліў. Гэта можна праверыць у краме аплікацый.

Зь ягоных словаў, людзі ў цывільным зь беларускага боку могуць праверыць кантакты ў тэлефоне, перапіскі. Цікавяцца знаёмымі, якія не жывуць у Беларусі, але могуць выклікаць пытаньні ў беларускіх праваахоўнікаў.

«Пытаюцца, колькі грошай вязеш у Беларусь. Могуць папрасіць паказаць партманэт і пералічыць грошы. Зьвяртаюць увагу на ўсё. Забароненага нічога нельга правезьці», — дадае суразмоўца.

«Раней толькі „на палякаў“ ішлі з валізкамі»

Да таго ж беларусы заўважаюць, што пасьля атакі на самалёт у Мачулішчах пры выезьдзе з краіны на беларускім баку сталі правяраць валізкі.

«Раней толькі „на палякаў“ ішлі з валізкамі. Цяпер перад тым, як у цябе правяраюць пашпарт, ты ідзеш да мужчыны ў цывільным. Ён глядзіць твой пашпарт і твае рэчы, але ня ў кожнага. Часам проста прапускае, часам перабірае ўсё», — расказвае беларуска.

Зь ейных назіраньняў, пры ўезьдзе ў Беларусь таксама сталі больш пільна правяраць рэчы.

Некалькі суразмоўцаў Свабоды адзначылі, што ў апошні час праходзілі беларускую мяжу з Эўразьвязам досыць спакойна, без дадатковых пытаньняў ці праверак рэчаў.

Праўда, праблемай для ўсіх застаецца доўгі час праходжаньня мяжы.

«Мы пераходзілі літоўскую мяжу. Пайшлі ў прыбіральню, а ў будынку так спакойна, ніхто нікуды не сьпяшаецца», — камэнтуюць працу супрацоўнікаў пераходнага пункту беларусы.

Дарога зь Беларусі ў Польшчу цяпер можа займаць 15-20 гадзін і больш.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  • Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  • Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  • Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  • Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  • Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  • Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
    • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
    • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
    • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
    • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.