Пра свой турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У выданьні выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Песьня балотных салдатаў

Пакуль пісаў гэтыя ўспаміны, удалося зьезьдзіць у ФРГ, у горад Котбус, дзе да 2002 году яшчэ дзейнічала турма, пабудаваная, як і менская «Валадарка», у першай палове XIX стагодзьдзя. Гэта тэрыторыя былой ГДР, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, блізка ад мяжы з Польшчай. Да аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны, якое адбылося ў 1990 годзе, у гэтай турме трымалі палітычных вязьняў. Тыя зь іх, хто дажыў да цяперашніх дзён, стварылі грамадзкую арганізацыю, выкупілі будынак турмы, дзе калісьці пакутавалі ў няволі, самі знайшлі фінансаваньне і трымаюць там музэй-мэмарыял у памяць аб ахвярах камуністычных рэпрэсій. Сярод іх пэнсіянэр Гільбэрт Фурыян, які цяпер праводзіць экскурсіі па былых камэрах, майстэрнях і карцарах котбусаўскага цэнтралу.

Алег Грузьдзіловіч каля будынку былой палітычнай турме ў Котбусе.

У суправаджэньні Гільбэрта Фурыяна па турме хадзілі нядаўнія вязьні беларускіх турмаў і, безумоўна, параўноўвалі ўбачанае і пачутае з тым, што самі перажылі. Умовы, прыёмы аховы і перавыхаваньня, побыт, правілы і звычаі.

Мы задавалі пытаньні, але на адну тэму гер Фурыян выйшаў сам. Гэта турэмная салідарнасьць.

«Вы, канечне, спытаеце мяне, ці была паміж намі салідарнасьць?» — зьвярнуўся да нас былы нямецкі палітвязень і, каб адказваць, засьпяваў. З паперкі, бо памяць ужо ня тая, як у маладосьці, у 1985-м, але добра пастаўленым голасам былога пеўчага ў царкоўным хоры. Называўся той турэмны гімн «Песьня балотных салдатаў», але чаму, былы вязень і сам ня ведаў. Толькі зазначыў, што першыя радкі арыштанты склалі задоўга да той пары, калі ён сядзеў за кратамі. Але дакладна, што за ягоным тэрмінам да песьні дадаўся новы тэкст, ужо пра ахвяр сацыялізму.

Музэй у былой палітычнай турме ў Котбусе, фота Алега Грузьдзіловіча

Чым тая песьня была яму такая памятная? Адказваючы, гер Фурыян згадаў, калі пачуў яе ўпершыню.

Неяк яны вярнуліся з прагулкі, а рэчы ў камэры выкінутыя на падлогу. Рэчы ўсіх 28 вязьняў, якія месьціліся ў малой камэры, пяць на пяць мэтраў, з чатырма ярусамі нараў. Так ахоўнікі паквіталіся зь імі за тое, што нехта адзін дрэнна прыбраў ложак.

Прыбраць у камэры — ня так і складана, але гэтым разам у некага ня вытрымалі нэрвы. І слабы голас завёў старую «Песьню балотных салдатаў», якую ахоўнікі ненавідзелі. За яе каралі карцарам, але гэтым разам не пасьпелі вызначыць, хто пачаў, а потым было позна. Песьню падхапіў яшчэ адзін голас, потым другі, трэці... Другі куплет сьпявалі ўжо камэрамі ўсяго паверху, трэці — усёй турмой. «Гэта была салідарнасьць. Яны маглі кінуць у карцар аднаго, але не маглі нічога зрабіць з усімі чатырма сотнямі асуджаных. І тады нікога не пакаралі», — завяршыў былы нямецкі палітвязень.

Ці бачыў я салідарнасьць у нашых, беларускіх турмах? На Акрэсьціна і ў Баранавічах, у менскім СІЗА і магілёўскім сьледчым ізалятары, у магілёўскай калёніі і яе штрафным ізалятары?

Гаворка не пра тую салідарнасьць, якую выяўляюць праваабаронцы, актывісты, сваякі палітвязьняў, дасылаючы ім бандэролі і перадачы, грашовыя пераводы, лісты ды сьвяточныя паштоўкі. Гэта было, і гэта сапраўды давала моцны зарад. Але я пра салідарнасьць сярод саміх вязьняў. Ці здольныя яны аб’яднацца і супрацьпаставіць карнай сыстэме сваё адзінства?

Адзін за ўсіх, усе за аднаго

Ужо згадваў, як наша камэра на «Валадарцы» не ішла на прагулку, бо адзін з арыштантаў захварэў, але ня меў дазволу на пасьцельны рэжым, а прагулка магла яго «дабіць». Але нас ніхто не караў, ахоўнікі былі ня супраць, што мы прапускаем прагулку — ім так лягчэй. Карацей, нам нічога не пагражала, і праз гэты ўчынак мы нічым не рызыкавалі. У вязьніцы Баранавічаў было, што мы падхоплівалі беларускую песьню, якую запявалі дзяўчыны ў суседняй камэры. Але і ў той сытуацыі нам карцарам не пагражалі. Дык няма чаго згадаць?

Было! На «Валадарцы» хлопец з нашай камэры атрымаў за некалькі дзён тры рапарты і ў выніку паехаў у карцар. Але падчас разбору камэра ўсё ж паспрабавала яго выручыць. Усе, за выключэньнем аднаго чалавека.

А сытуацыя была такая. Спаць удзень на ложку на «Валадарцы» забаранялі, хоць дазвалялі чытаць лежачы. Здавалася б, ну якая розьніца, чым ты сябе займаеш у ложку? Проста ляжыш з заплюшчанымі вачыма і думаеш, насамрэч сьпіш ці чытаеш кнігу? Але не. Нерухомае цела — гэта падазрона. У выніку за тым, каб і тут не было парушэньня, пільна сачыў праз вочка прадольны — ахоўнік, які дзяжурыць у калідоры. Як угледзіць каго з заплюшчанымі вачыма — складае рапарт. Пэўна, чым болей за зьмену складзе такіх рапартаў, тым лепей адпрацаваў і можа разьлічваць на прэмію.

Малюнкі Алега Грузьдзіловіча

У вязьняў свае інтарэсы. Заўсёды хочацца спаць, бо толькі ў сьне чалавек можа адпачыць ад цяжкіх думак, якія непазьбежна мучаць яго ў турме. І ночы там кароткія, трывожныя, выспацца не ўдаецца.

Таму, каб абыйсьці забарону і ня быць пакаранымі, арыштанты ішлі на хітрыкі: укладаліся на бачок з кнігай у руцэ, ці трымалі кнігу на жываце, лежачы на сьпіне, а самі засыналі. Спачатку трымаць кнігу ўдаецца, але калі наступае моцны сон, рукі слабеюць, і кніга падае. Калі ў такі момант прадольны зазірне ў вочка — усё, рапарт гарантаваны. Вось гэта здарылася з тым хлопцам тройчы літаральна за пару дзён. Значыць, атрымае карцар?

Але ў сыстэме нібыта існуе нейкая магчымасьць апраўдацца. Арыштант мае права не прызнаць, што зрабіў парушэньне, і тады адміністрацыя бярэцца гэта даказаць. Адмысловы супрацоўнік праводзіць маленькае сьледзтва.

Калі б у нашай камэры працавала відэа, дык, можа, абышліся б без фармальнасьцяў, але відэа невядома калі зламалася, і мусілі апытаць сьведак. Гэта значыць — нас, сукамэрнікаў. Першым выклікалі хлопца, чый ложак быў зьнізу. Як ён вярнуўся, пасьпеў расказаць, што яму прапаноўвалі даць паказаньні на сукамэрніка, нібыта той спаў. Але хлопец адмовіўся. Праз пару хвілін выклікалі мяне. Тая ж прапанова. Кажу, што нічога ня бачыў. Гучыць пагроза, што будуць непрыемнасьці. У адказ паціскаю плячыма і вяртаюся ў камэру. Па чарзе выклікаюць усіх, і дайшла чарга да Юрыя. А калі Юры вярнуўся, дык кажа: падпісаў усё, што патрабавалі. У камэры запала цішыня. Потым нехта абурыўся: як так? Навошта здаў чалавека? «Ды якое здаў? Кажуць жа, што ўсё роўна пасадзяць у карцар, а я толькі дарэмна атрымаю рапарт і адпраўлюся за ім. Мне гэта трэба?» — спрабаваў апраўдацца Юры.

Шкада, але што ў ізалятарах, што ў калёніі няма яшчэ, умоўна кажучы, нашай беларускай «Песьні балотных салдатаў». Ня склаліся яшчэ нашы традыцыі салідарнасьці. Ахоўнікі і опэрупаўнаважаныя гэта добра ведаюць і карыстаюцца гэтым.

Такой песьняй магла б стаць «Разбуры турмы муры» — своеасаблівы гімн пратэстаў 2020 году. Ведаю, што песьня пэўна гучала ў магілёўскай Т-4. У красавіку да нас перавялі вязьняў іншай камэры, якую расфармавалі за тое, што хорам зацягнулі «Муры». Іван, які рыхтаваўся адзначыць шасьцідзясятыя ўгодкі, і Сяргей, якому нядаўна споўнілася трыццаць, хваліліся, што іх пакаралі менавіта за песьню пратэстаў.

Час зьявіцца ўласнаму гімну турэмнай салідарнасьці, інакш сядзець у тых жа вязьніцах, дзе сядзелі нашы бацькі ды дзяды, ужо нашым нашчадкам.

  • Алег Грузьдзіловіч

    Падпісацца