Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўпершыню сустрэлася з сынам у СІЗА

Як стала вядома БАЖ, гомельскай журналістцы і краязнаўцы Ларысе Шчыраковай 30 траўня дазволілі кароткатэрміновае спатканьне з роднымі, на якое хадзіў і яе шаснаццацігадовы сын Сьвятаслаў.

Ад пачуцьцяў Ларыса нават расплакалася, але неўзабаве справілася з эмоцыямі і нават жартавала. Размаўлялі па тэлефоне праз закратаванае вакно каля дзьвюх гадзін.

Ларысу Шчыракову затрымалі ў сьнежні 2022-га — супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Фігуранты «справы Аўтуховіча» папрасілі растэрміноўкі на аплату пазоваў

Заяву аб растэрміноўцы выкананьня грамадзянскага пазову разгледзяць у Горадзенскім абласным судзе 6 чэрвеня, паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют».

Летась 17 кастрычніка горадзенскі абласны суд агучыў прысуд у «справе Аўтуховіча». На лаве падсудных былі: Мікалай Аўтуховіч, сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў Разановіч, іх сын Павал Разановіч, пэнсіянэрка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Сьнегур і Павел Сава.

Судзьдзя Максім Філатаў прызначыў ад 2,5 да 25 гадоў калёніі. Антона Мельхера вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Некаторых зь фігурантаў ужо этапавалі ў калёніі.