У якой новай рэальнасьці апынецца ў выніку Беларусь і якімі наступствамі гэта пагражае для рэжыму Лукашэнкі?

Сьцісла:

  • Улады не дэманструюць радасьці ад зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі.
  • Гэтая ядзерная зброя не належыць Беларусі, яна расейская. І ўжыць яе па ўласным жаданьні Лукашэнку не атрымаецца.
  • Разьмяшчэньне ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі зьяўляецца дадатковым мэханізмам ваенна-палітычнага кантролю Расеі над Беларусьсю.
  • Зь ядзернай зброяй на сваёй тэрыторыі Лукашэнку будзе значна цяжэй дыстанцыявацца ад Масквы ў выпадку няўдалай для яе хады вайны.
  • Ядзерная зброя ў Беларусі стварае сытуацыю незваротнасьці ў адносінах з Захадам, спальвае масты, якія засталіся.

Паколькі ў справе разьмяшчэньня ядзернай зброі размова ідзе пра ваенную тайну, то, хутчэй за ўсё, мы так да канца і не даведаемся ўсе дэталі гэтага працэсу, не зразумеем, дзе тут блеф, а дзе — рэальнасьць. Але ў любым выпадку абвяшчэньне аб практычнай рэалізацыі палітычнага рашэньня — гэта сур’ёзны паварот, важная зьмена ў палітычнай сытуацыі, у якой апынулася Беларусь. Прычым гэтая перамена да канца не ўсьвядомленая ні грамадзтвам, ні кіроўнай элітай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Прэзыдэнт ЗША «вельмі нэгатыўна» ставіцца да разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі

Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі адбываецца нібыта на просьбу афіцыйнага Менску. У 2022 годзе Лукашэнка, паводле падлікаў майго калегі Юрыя Дракахруста, восем разоў казаў пра магчымасьць такога кроку.

І вось, здаецца, мара зьдзейсьнілася. Можна крычаць «Ура!», біць у барабаны і сьвяткаваць перамогу. Аднак чамусьці ва ўладаў не адчуваецца радасьці. Сам Лукашэнка наконт гэтага маўчыць. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыя камэнтуюць інфармацыю стрымана, нават сарамліва. Бо ведаюць, што, паводле розных сацыялягічных апытаньняў, 75-80% беларусаў адмоўна ставяцца да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. І з гэтым фактам нельга зусім не лічыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Эўразьвяз прыгразіў жорсткай рэакцыяй у адказ на перадачу расейскай ядзернай зброі Беларусі

З кіроўных асобаў сытуацыю зь ядзернай зброяй пракамэнтаваў дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Ягоная аргумэнтацыя нагадвала апраўданьне. Ён традыцыйна ва ўсім абвінаваціў Захад, маўляў, гэта адказ на мілітарызацыю суседніх краін, найперш Польшчы. Прычым, на ягоную думку, зьяўленьне тут расейскай ядзернай зброі — гэта танны варыянт, ён эканоміць рэсурсы. Бо ў адваротным выпадку давялося б «эканоміку перанакіраваць на вайсковыя патрэбы, пачаць павялічваць і разгортваць Узброеныя сілы да колькасьці ваеннага часу, але гэта ляжа вялікім цяжарам на эканоміку, на дабрабыт грамадзян, насельніцтва Беларусі».

Тут найперш варта заўважыць, што гэтая ядзерная зброя не належыць Беларусі, яна расейская. І ўжыць яе па ўласным жаданьні не атрымаецца, патрэбна жаданьне Масквы. А ў Крамлі свае ўяўленьні пра тое, калі і як яе варта выкарыстоўваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:«Без аслабленьня Расеі і паразы яе ў вайне з Украінай зьмены ў Беларусі немагчымыя», — польскі экспэрт Клысінскі

І мілітарызацыя суседніх краін ёсьць адказам на расейскую агрэсію супраць Украіны. Гэта наступства, а не прычына.

А эканомія рэсурсаў можа выліцца ў вялізныя стратэгічныя, палітычныя страты. Бо разьмяшчэньне ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі зьяўляецца дадатковым мэханізмам вайскова-палітычнага кантролю РФ над Беларусьсю. У Масквы зьяўляецца новы інструмэнт уплыву на беларускі рэжым, які можа быць скарыстаны для ўцягваньня краіны ў вайну насуперак яе жаданьню. Гэта звужае сувэрэнітэт краіны ў сфэры абароны. Менавіта так успрымаюць гэтую сытуацыю замежныя суб’екты. Пра што і сьведчыць тролінг прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамартам Такаевым на Эўразійскім эканамічным форуме, дзе той заявіў, што Беларусь і Расея сталі адной дзяржавай, і нават «ядзерная зброя адна на дваіх цяпер».

Зь ядзернай зброяй на сваёй тэрыторыі Лукашэнку будзе значна цяжэй «адскочыць», дыстанцыявацца ад Масквы ў выпадку няўдалай для яе хады вайны, сказаць, што мы, маўляў, ня ўдзельнічаем у ёй, мы за мір, а тым больш прапанаваць ролю міратворца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Польскі генэрал, які заклікаў падтрымаць паўстаньне супраць Лукашэнкі: Шляхам выбараў уладу ў Беларусі ўжо не зьмяніць

Магчыма, Лукашэнка, згаджаючыся на гэты крок, меркаваў, што статус Беларусі як ядзернай дзяржавы падвысіць ягоныя перамоўныя пазыцыі ў адносінах з Захадам, стане яшчэ адным рычагом ціску на эўрапейскія краіны. Аднак ядзерная зброя ў Беларусі стварае сытуацыю незваротнасьці ў адносінах з Захадам, спальвае тыя апошнія масты, якія яшчэ заставаліся. У практычным пляне гэта можа пацягнуць за сабой увядзеньне новых санкцый.

У любым выпадку ўсё, як раней, ужо ня будзе. Магчыма, і грамадзтва, і кіраўніцтва рэжыму ўсёй гэтай гісторыяй, самі таго не разумеючы, трапляюць у пастку. Але высьветліцца гэта пазьней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ
  • Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

    karbalevich@gmail.com

    Падпісацца