ЗША выдзяляюць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на 300 млн даляраў, паведаміў на брыфінгу каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі.
У новы пакет увойдуць пераносныя зэнітныя ракетныя комплексы Stinger, сыстэмы СПА Avenger, супрацьтанкавыя сыстэмы AT-4, больш за 30 мільёнаў патронаў, абсталяваньне для разьмініраваньня тэрыторыі, а таксама боепрыпасы для бесьпілётнікаў, высокадакладныя авіяцыйныя боепрыпасы, артылерыйскія і танкавыя снарады, боепрыпасы для сыстэм СПА Patriot і рэактыўнай сыстэмы залпавага агню HIMARS.
ЗША будуць працягваць працаваць са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, каб даць Украіне магчымасьці для задавальненьня яе непасрэдных патрэбаў на полі бою і доўгатэрміновых запатрабаваньняў для гарантаваньня бясьпекі, гаворыцца ў паведамленьні Пэнтагону.
- 21 траўня ЗША абʼявілі аб выдзяленьні Ўкраіне пакета ваеннай дапамогі на суму 375 млн даляраў. У яго ўвайшлі артылерыя і боепрыпасы, у тым ліку для HIMARS, а таксама ваенная тэхніка.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што сумарна дапамога ЗША Украіне складае ўжо 37 мільярдаў даляраў.
- На мінулым тыдні ЗША зацьвердзілі продаж Украіне сыстэмы супрацьпаветранай абароны NASAMS і зьвязанага зь ёй абсталяваньня на суму 285 млн. даляраў.