Гаспадарчы суд Львоўскай вобласьці прызнаў банкрутам украінскую дачку «Беларускай нафтавай кампаніі» «БНК-Україна», актывы якой праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі 5 красавіка 2022 году паводле падазрэньня ў фінансаваньні агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Справу аб банкруцтве завялі ў лістападзе 2022 году. У працэсе яе разгляду суд прызнаў 21 украінскае прадпрыемства крэдыторамі «БНК-Україна», якім кампанія завінаваціла амаль 1,5 мільярда грыўняў (крыху менш, чым 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) за непастаўленую прадукцыю па падпісаных раней кантрактах праз тое, што пачалася вайна.

Наступствам прызнаньня беларускай кампаніі банкрутам стане зьняцьце арыштаў зь яе актываў і маёмасьці. Новы арышт цяпер немагчымы. Адначасова з моманту прызнаньня кампаніі «БНК-Україна» банкрутам спыняюцца налічэньне штрафаў і пені, а таксама іншыя эканамічныя санкцыі па ўсіх відах запазычанасьці.

З 24 траўня «БНК-Україна» пад кіраўніцтвам ліквідацыйнай камісіі можа пачаць пагашэньне запазычанасьці перад сваімі крэдыторамі.

Рашэньне аб ліквідацыі кампаніі суд абвесьціць 26 ліпеня.

Што вядома пра «БНК-Україна»

Беларуская кампанія «БНК-Україна» да арышту яе актываў пасьля пачатку вайны займала 27-е месца ў пераліку найбольшых падаткаплатнікаў Украіны.

Летась 16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі 5 красавіка 2022 году. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне „Беларуснафта“», супраць якой увялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцыяў пратэсту.

Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняло і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі ёсьць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусі». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі надалей працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.

10 чэрвеня 2022 году суд пацьвердзіў арышт рахункаў «БНК-Україна» у двух банках — «Банк Альянс» і «Південний». Агулам у кіраваньне агенцтва, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю, перадалі 455 573,15 эўра. Дырэктар беларускай кампаніі спрабаваў у судовым парадку абскардзіць арышт грошай на рахунку, але суд падтрымаў рашэньне сьледзтва.

Справу кампаніі «БНК-Україна» расьсьледуе Падольская акруговая пракуратура Кіева. Завялі справу паводле ч. 2 артыкула 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны), а таксама паводле ч. 5 артыкула 191 (прыўлашчваньне маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча).

Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія злачынствы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай займаць адказныя пасады.

Пасьля арышту ўсе актывы перадалі ў кіраваньне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).