Натальля Пінчук адзначыла, што Алесь Бяляцкі ў зьняволеньні раней меў магчымасьць перапісвацца толькі зь ёй, а ў апошнія месяцы сувязь зь Бяляцкім, як і з многімі іншымі палітвязьнямі цалкам зьнікла.

Паводле Пінчук, апошнім часам, на фоне вайны ва Ўкраіне, Беларусь зьнікла з увагі заходніх СМІ. Пры гэтым узровень рэпрэсій не зьніжаецца — штодня арыштоўваюць дзясяткі людзей, у тым ліку нават за сам факт доступу да вольнай інфармацыі:

«У Беларусь вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсій, і людзі баяцца нечаканых крокаў за дзьвярыма».

Натальля Пінчук заклікала дэмакратычныя краіны падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі, асабліва беларускамоўныя, а таксама культурныя і адукацыйныя ініцыятывы.

«Лукашэнка праводзіць русыфікацыю, па сутнасьці зьнішчае нацыянальную ідэнтычнасьць, і гэтаму трэба супрацьстаяць», — сказала яна.

Натальля Пінчук удзельнічае ў бясьпекавым форуме ў Браціславе. 30 траўня 2023

Пінчук таксама заклікала любымі спосабамі дапамагаць людзям унутры Беларусі. Яна адзначыла, што тых палітвязьняў, якія выходзяць на волю, улады пазбаўляюць магчымасьці знайсьці працу. Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць дыялёгу Захаду з рэжымам Лукашэнкі, Пінчук сказала, што любы дыялёг магчымы толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў.

Паводле Натальлі Пінчук, абвешчанае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня толькі стварае новыя пагрозы для беларусаў, але і набліжае ядзерную пагрозу да Заходняй Эўропы. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што большасьць беларусаў выступае як супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі, гэтак і супраць удзелу ў расейскай вайне супраць Украіны.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру.