Агенцтва Reuters азнаёмілася з поўнай вэрсіяй запісу сустрэчы амэрыканскага сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Журналісты высьветлілі, што Грэм не казаў, што сьмерць расейцаў — «лепшае, на што мы калі-небудзь трацілі грошы».
Паводле Reuters, фразу «лепшае, на што мы калі-небудзь марнавалі грошы» Ліндсі Грэм сказаў у частцы размовы, прысьвечанай дапамозе, прадстаўленай ЗША з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Расея правяла ракетны абстрэл цэнтру Кіева, паведамляюць пра некалькі моцных выбухаў
Далей амэрыканскі сэнатар сказаў, што ў ЗША быў час, калі «ваюючы да апошняга чалавека, мы зьбіраліся быць свабоднымі або памерці».
Зяленскі на гэта адказаў, што ЗША зараз вольныя, будзе свабоднай і Ўкраіна. Пасьля чаго Грэм сказаў: «А расейцы паміраюць».
«Так, але яны прыйшлі на нашу тэрыторыю. Мы не ваюем на іх тэрыторыі», — дадаў Зяленскі.
Сустрэча адбылася 26 траўня. Першапачатковыя вытрымкі з размовы ў відэа, апублікаваным офісам Зяленскага ўвечары таго ж дня, не дазвалялі зразумець, што гэтыя дзьве фразы былі зроблены ў розных частках гутаркі, указваюць журналісты.
Відэа выклікала бурную рэакцыю, на яго адрэагавалі і расейскія афіцыйныя асобы. Дзьмітрый Мядзведзеў назваў Грэма «старым дурнем», заявіўшы, што ў «Амэрыцы рэгулярна забіваюць не толькі звычайных людзей, але і трацяць брудныя грошы на забойствы сэнатараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Тэлеканал «Настоящее время» зьняў фільм пра беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне
Грэм у пісьмовым камэнтары агенцтву заявіў, што «расейская прапагандысцкая машына, як звычайна, старанна працуе». Паводле яго слоў, у размове зь Зяленскім ён згадаў, што Ўкраіна прыняла амэрыканскую мантру «жыві свабодна або памры».
«Гэта была добрая інвэстыцыя з боку Злучаных Штатаў, каб дапамагчы вызваліць Украіну ад расейскіх ваенных злачынцаў», — напісаў ён.
Амэрыканскі сэнатар асобна адказаў Мядзведзеву:
«Спадар Мядзведзеў, калі вы хочаце, каб расейцы перасталі паміраць ва Ўкраіне, выведзіце войскі. Спыніце ўварваньне. Спыніце ваенныя злачынствы. Праўда ў тым, што вы і Пуцін менш за ўсё клапоціцеся аб расейскіх салдатах».
Кіраўнік Сьледчага камітэта Расеі Аляксандр Бастрыкін 28 траўня даручыў завесьці крымінальную справу па факце «выказваньняў амэрыканскага сэнатара аб забойстве расейцаў». 29 мая МУС Расеі абʼявіла сэнатара Грэма ў вышук па артыкуле Крымінальнага кодэкса. Па якім менавіта артыкуле, не ўдакладняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Кіраўнік МЗС Фінляндыі прагназуе крызіс АБСЭ праз пазыцыю Беларусі і Расеі