Падчас 40-хвіліннай гутаркі онлайн з міністрам замежных спраў Партугаліі Жаао Кравіньё Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб недапушчальнасьці зьмякчэньня санкцый супраць «Беларуськалія» і ў дачыненьні да транзыту калійных угнаеньняў, паведаміў @pozirkonline дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Гэта па сутнасьці дэвальвуе ўсе намаганьні Эўразьвязу і перашкаджае эўрапейскаму адзінству», — прывёў Вячорка словы Ціханоўскай.

Ён паведаміў, што Ціханоўская таксама выступіла за ўвядзеньне новых санкцый Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі, але не ўзамен на зьмякчэньне старых.

Бакі абмеркавалі сытуацыю з пастаўкамі калію ў краіны Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі, якія залежаць ад беларускай прадукцыі. Як адзначыла Ціханоўская, ужо ідзе пошук магчымасьцей дывэрсыфікацыі.