У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што ў Беларусі пачынаецца новая фаза падрыхтоўкі расейскіх войскаў для вайны ва Ўкраіны.

«На палігоны Рэспублікі Беларусі прыбываюць вызначаныя падразьдзелы Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі для правядзеньня мерапрыемстваў па баявой падрыхтоўцы перад адпраўкай на вайну ва Ўкраіну», — адзначаецца ў ранішнім зьвядзеньні ўкраінскага Генштабу.

У той жа час, у паведамленьні адзначаецца, што прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня выяўлена.

«На валынскім і палескім кірунках абстаноўка застаецца сталай», — паведаміў Генштаб Украіны.

У сярэдзіне траўня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заяўляў аб вывадзе Расеяй з тэрыторыі Беларусі сваіх войскаў, якія раней накіроўваліся для падрыхтоўкі і далейшага перакіданьня на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Паводле ўкраінскіх выведнікаў, на той мамант у Беларусі заставалася Паводле нашых зьвестак на тэрыторыі суседняй краіны знаходзяцца каля 2,5 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • У 2022 годзе ва Ўкраіне загінулі 19 беларусаў, якія змагаюцца за яе незалежнасьць. Вядома пра двух ваяроў-беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон.
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы генацыду ў Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • 29 ліпеня ў выніку ўдару па калёніі ў Аленаўцы загінулі як найменей 53 украінскія палонныя, якія баранілі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі і здаліся ў палон пасьля выкананьня баявога заданьня. Расейцы абвінавацілі ў нападзе Ўкраіну, украінскі бок заявіў пра наўмыснае забойства палонных расейскім бокам. Расейскія акупацыйныя ўлады не дапусьцілі ў Аленаўку місіі ААН і Чырвонага крыжа.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсона і вобласьці ў здрадзе дзяржаве. Таксама па такім падазрэньні затрымалі былога кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьці.
  • У верасьні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пачалі імкліва ўцякаць са сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • 21 верасьня Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайскаматаў. Прызываць у войска пачалі нават людзей без вайсковага досьведу, нягледзячы на абяцаньні, што на вайну адправяцца толькі дасьведчаныя. Мабілізацыя мужчын у расейскае войска праходзіць таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.
  • 2 кастрычніка Пуцін унёс на разгляд расейскага парлямэнту законапраект, які зьяўляецца спробай анэксіі частак чатырох рэгіёнаў Украіны. У складзе Расеі павінны будуць зьявіцца дзьве новыя рэспублікі — «ЛНР» і «ДНР» — і дзьве вобласьці — Запароская і Херсонская. Але дзякуючы контранаступу ўкраінцаў намаляваныя ў Маскве межы ня цалкам кантралююцца акупацыйнымі войскамі.
  • У кастрычніку ўкраінскія войскі пасьпяхова працягнулі контранаступ, у пачатку кастрычніка яны вызвалілі Ліман і Ямпаль, а таксама істотна наблізіліся да Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.
  • Раніцай 10 кастрычніка расейцы распачалі інтэнсіўны абстрэл украінскай тэрыторыі, у тым ліку цэнтру Кіева. Ракеты даляцелі і да Львова, пазбавіўшы горад электрычнасьці. З таго часу Расея зрабіла каля 10 ракетных нападаў на аб'екты інфраструктуры і іншыя цывільныя мэты на тэрыторыі Ўкраіны.
  • Лукашэнка 10 кастрычніка правёў паседжаньне з Саветам бясьпекі і заявіў пра разгортваньне сумеснай з Пуціным групоўкі войскаў.
  • Увечары 15 лістапада Расея выпусьціла 100 ракет па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у першую чаргу па энэргетычных аб'ектах, а ў Польшчы ў вёсцы Пшэводаў за 6 км ад мяжы з Украінай упалі дзьве ракеты, два чалавекі загінулі. Польскія ўлады выклікалі расейскага амбасадара для тлумачэньняў. Затым высьветлілася, што гэта, імаверна, наступствы працы ўкраінскай СПА, якая зьбівала расейскую ракету.
  • У лістападзе з наступленьнем халадоў Расея ўзмацніла ракетныя абстрэлы энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У выніку многія ўкраінскія гарады і частка Малдовы засталіся без электрычнасьці і вады. Украіна склікала тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН.
  • Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны 1 студзеня 2023 году паведаміла пра амаль 400 загінулых расейцаў пры атацы на будынак Політэхнічнай вучэльні № 19 у Макееўцы. Там былі расейскія вайскоўцы і мабілізаваныя. Міністэрства абароны РФ прызнала 89 забітых.
  • 14 студзеня 2023 году ў выніку чарговага абстрэлу расейская ракета пацэліла ў шматпавярховік у горадзе Дніпро, загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі чалавек. Ратавальная апэрацыя па пошуку целаў расьцягнулася на некалькі дзён.
  • У лютым адбываюцца за Бахмут, Крамянную, Сватава. Аднак выведка ЗША адзначыла, што расейцы ня маюць дастатковага патэнцыялу для паўнавартаснага наступу, а ў Мінабароны Вялікай Брытаніі заявілі, што расейцы ў першай палове лютага зазналі найбольшых стратаў за год.
  • Пуцін 25 сакавіка адзначыў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.