Вучыч абвінаваціў у тым, што адбываецца, прэм’ер-міністра Косава Альбіна Курці. Прэзыдэнт Сэрбіі сцвярджае, што галоўная мэта Курці — распаліць варожасьць паміж жыхарамі Сэрбіі і Косава. Вучыч таксама лічыць, што рукамі Курці супраць Сэрбіі дзейнічае NATO.

Прэзыдэнт Сэрбіі раскрытыкаваў дзеяньні косаўскай паліцыі і асабліва міратворчых сілаў ААН пад кіраўніцтвам NATO (KFOR), заявіўшы, што тыя спрыяюць эскаляцыі і ўжываюць супраць дэманстрантаў дубінкі і сьлезацечны газ. Ён згадаў пра як мінімум двух параненых сярод сэрбскіх пратэстоўцаў. Сэрбскае выданьне Novosti са спасылкай на дырэктара клінікі ў Косаўска-Мітравіцы Златана Элека паведамляе, што па мэдычную дапамогу зьвярнуліся ўжо каля 50 чалавек.

У той жа час агенцтва Reuters паведамляе аб як мінімум 25 пацярпелых супрацоўніках KFOR падчас сутыкненьняў з пратэстоўцамі.

Аляксандар Вучыч паведаміў, што зьвярнуўся да прадстаўнікоў «Вялікай пяцёркі» — ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Францыі і Італіі — з просьбай у аўторак правесьці пасяджэньне наконт абвастрэньня сытуацыі ў Косаве. Ён мае намер папрасіць гэтыя краіны «разумець сваіх дзяцей».

Абстаноўка на поўначы Косава абвастрылася ў канцы мінулага тыдня. На свае пасады павінныя былі заступіць мэры гарадоў, абраныя на выбарах 23 красавіка. Сэрбскае насельніцтва Косава байкатавала выбары, пратэстуючы супраць прызначэньня ўхваленых Прышцінай палітыкаў у паўночных рэгіёнах, дзе сэрбы складаюць большасьць насельніцтва.

26 траўня косаўскія сэрбы спрабавалі перакрыць шлях абраных кіраўнікоў адміністрацыяў у будынкі мэрыяў. Паліцыя спыняла беспарадкі ў грамадах Лепасавіч, Зьвячан і Зубін-Паток. Сэрбія абвясьціла аб прывядзеньні сваіх узброеных сілаў на мяжы з Косавам у стан поўнай баявой гатоўнасьці. У рэгіёне пад эгідай ААН дзейнічаюць таксама спэцпадразьдзяленьні NATO (KFOR).