У сьпіс таксама ўключаныя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўным СМІ, якія займаюцца прапагандысцкай дзейнасьцю (23 чалавекі), спартоўцы і спартыўныя актывісты (24 чалавекі), супрацоўнікі беларускіх устаноў, устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў (8 чалавек), дзеячы культуры і навукі (8 чалавек).

Акрамя таго, у сьпіс увайшлі прадпрымальнікі, зьвязаныя з расейскім капіталам (15 грамадзян Расеі і 1 грамадзянін Беларусі). Пад санкцыі таксама патрапілі 20 суб’ектаў гаспадараньня (19 зьвязаных з Расеяй і 1 зьвязаны зь Беларусьсю).

«Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама займаліся легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Менску. Яны таксама нясуць адказнасьць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены паводле ілжывых абвінавачаньняў.

Асобы, якія знаходзяцца ў санкцыйным спісе, нясуць адказнасьць, у тым ліку, за: за прымяненьне фізычных і псыхалягічных катаваньняў, зьбіцьцё, запалохваньне і дыскрымінацыю ў дачыненьні да польскай меншасьці. Занесеныя ў сьпіс асобы таксама маюць дачыненьне да зьнішчэньня польскіх могілак і помнікаў у Беларусі. Сярод тых, хто падпадае пад абмежаваньні, аказаліся асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі», — паведамляе МУС Польшчы.

Новыя санкцыі 26 траўня анансаваў міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі.

Каміньскі падкрэсьліў, што рашэньне выкліканае тым, што ў Беларусі пакінулі ў сіле «драконаўскі прысуд Анджэю Пачобуту», і яно закране тых прадстаўнікоў уладаў, якія «адказныя за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць палякаў, якія жывуць у Беларусі».

26 траўня судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі пакінуў без задавальненьня апэляцыю на прысуд палітвязьню, актывісту польскай меншасьці, журналісту і публіцысту Анджэю Пачобуту. Гэта азначае, што прысуд Горадзенскага абласнога суду пакінуты бязь зьмены.

Фігуранта «справы палякаў» Анджэя Пачобута 8 лютага сёлета Горадзенскі абласны суд (судзьдзя Дзьмітры Бубенчык) прызнаў вінаватым па ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы) КК і прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля гэтага 10 лютага Польшча на нявызначаны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту вялікагрузных аўтамабіляў.

23 сакавіка міністар унутраных справаў Польшчы Каміньскі заявіў, што калі Пачобута «заўтра адпусьцяць, памежны пераход у Баброўніках будзе адкрыты пасьлязаўтра».

31 сакавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем народу і парлямэнту, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не гатовы вызваліць Пачобута ў абмен на адкрыцьцё пераходу «Баброўнікі», але выказаў згоду абмяняць яго на палітыка Паўла Латушку і чальцоў кіраванага ім Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня («НАУ»).

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Пачобут праходзіць па «польскай справе». Яму зкідаюць «распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» і «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» Беларусі. Абодва артыкулы прадугледжваюць да 12 гадоў калёніі.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву сёлета ў траўні вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • Цяпер Пачобут у СІЗА горадзенскай турмы.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.