На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, экспэрт з праблемаў краін Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.

— У чым сэнс узаемнага тролінгу, які апошнія некалькі дзён адбываўся паміж кіраўнікамі Беларусі і Казахстану Аляксандрам Лукашэнка і Касым-Жамартам Такаевым? На нядаўнім саміце ЭАЭС Такаеў нечакана загаварыў пра тое, што асабліва шчыльныя сувязі паміж Беларусьсю і Расеяй уваходзяць у пэўную супярэчнасьць са стасункамі зь іншымі дзяржавамі Эўразійскага саюзу.

«У сусьветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або фэномэн, як хочаце. Стварэньне дзяржавы паводле формулы дзьве краіны — адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парлямэнтам. Ну, я прашу прабачэньня, і нават ядзерная зброя адна на дваіх зараз», — сказаў тады Касым-Жамарт Такаеў.

У чым сэнс гэтага дэмаршу? Саюз у такім выглядзе існуе ўжо шмат гадоў. Чаму спадар Такаеў убачыў у наяўнасьці саюзнай дзяржавы праблему?

— Я ня думаю, што для спадара Такаева саюзная дзяржава Беларусі і Расеі — праблема.

Яна стала праблемай пасьля таго, як з Масквы, наўпрост ці празь Менск, Астане былі зробленыя чарговыя намёкі на тое, што Казахстану ўжо час далучыцца да саюзнай дзяржавы. І філіпіка Касым-Жамарта Такаева ў адказ на гэта была вельмі добра падрыхтаваная. У яго выступе было пралічанае кожнае слова і нават кожная паўза.

Сэнс гэтага выступу: «Вы, хлопцы, выдатна жывяце, у вас усё добра, але навошта мы вам? А зь іншага боку, навошта вы нам патрэбныя? У вас славянскія карані, у вас свае клопаты. Вам Захад пагражае, Украіна вам пагражае. А нам Захад і Ўкраіна не пагражаюць». У гэтым — подбіўка гэтага прыгожага выступу Такаева.

— Пасьля выступу Такаева Лукашэнка і Пуцін публічна паціснулі адзін аднаму рукі. Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал запосьціў у сябе выступ Такаева з загалоўкам «Нават ядзерная зброя адна на дваіх». І фота, як Лукашэнка і Пуцін паціскаюць рукі адзін аднаму. Пікантнасьць фота палягае ў тым, што поціск рук адбыўся на фоне трыбуны для прэзыдэнта Расеі, дзе надпіс толькі адзін: «В. Путин».

Даволі сымбалічна. На ваш погляд, беларуская ўлада зрабіла выгляд, што не зразумела, што Такаеў паказаў месца беларускай дзяржаўнасьці і беларускага сувэрэнітэту?

— Мяркую, што Лукашэнка дастаткова разумны для таго, каб зрабіць выгляд, што ён нешта не зразумеў. Ён на пытаньне паркетнага крамлёўскага журналіста Зарубіна адказаў, што недачуў выступ Такаева з прычыны кепскай акустыкі і ўдакладняў у Пуціна, пра што ж казахстанскі лідэр гаварыў.

Калі Лукашэнку нешта трэба пачуць, ён чуе выдатна. Калі яго гэта неяк чапляе, тады акустыка перашкаджае пачуць.

— Напрыканцы мінулага тыдня Лукашэнка ў інтэрвію таму ж Зарубіну адказаў на дэмарш Такаева больш разгорнута: «Калі хтосьці перажывае — ня думаю, што Касым-Жамарт Такаеў перажывае наконт гэтага, але калі раптам — дык ніхто ня супраць, каб у Казахстану і іншых краін былі такія ж шчыльныя адносіны, як у нас з Расейскай Фэдэрацыяй. Гэта вельмі проста. У саюз Беларусі з Расеяй трэба ўступаць, і ўсё: будзе ядзерная зброя на ўсіх».

Што азначае гэтае запрашэньне ад Лукашэнкі? Асабліва ў сьвятле таго, што напярэдадні міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі пагадненьне аб разьмяшчэньні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. І Шайгу чарговым разам заявіў, што гэтая зброя будзе знаходзіцца пад кантролем Расеі. А Лукашэнка ў інтэрвію Зарубіну чарговым разам сказаў, што ядзерная зброя будзе адна на ўсіх.

— Гэта такая танная хітрасьць з боку Лукашэнкі. Ён выдатна разумее, што ядзерная зброя, нават разьмешчаная ў Беларусі, яму не належыць, у яго няма права «другой кнопкі». Лукашэнка падобнымі тырадамі зь цяжкасьцю прыхоўвае тое, што яго самастойнасьць як лідэра незалежнай дзяржавы цалкам залежыць ад таго, наколькі ён адпавядае запытам з боку Масквы.

Захацела Масква пагражаць «супастатам» ядзернай зброяй, якая разьмешчаная бліжэй да заходніх межаў — Лукашэнка рэагуе на гэта вельмі своечасова, кажучы, што гэта яго ініцыятыва і што гэта ўмацоўвае бясьпеку Беларусі і Расеі. Хаця ёсьць і іншы погляд, паводле якога гэта падстаўляе Беларусь як магчымую мішэнь для ўдараў у адказ з боку Захаду.

Калі Лукашэнка троліў Такаева наконт ядзернай зброі на ўсіх, то і Такаеў троліў Лукашэнку. Такаеў дэманстраваў пэўнае грэбаваньне статусам Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Нам запярэчаць, што, скажам, у Нямеччыне разьмешчаная амэрыканская ядзерная зброя, якая падпарадкоўваецца Беламу дому, а не Бэрліну.

Тактыка расейскага кіраўніцтва — рэактыўная: маўляў, ім можна, а нам чаму нельга?

Але Казахстан тут пры чым?

У Астаны іншае геапалітычнае бачаньне. Яно не прадугледжвае канфрантацыю з Захадам, і нават наадварот.

— Сёньня Такаеў адказаў Лукашэнку, назваўшы яго прапанову Казахстану ўступіць у саюзную дзяржаву «жартам» і заўважыўшы, што Казахстану кантроль над ядзернай зброяй не патрэбны. У чым быў сэнс гэтай шматхадовай пікіроўкі, навошта яны абодва паказалі гэта публіцы?

— Словы Лукашэнкі можна расцаніць і як прыхаваную пагрозу на адрас Казахстану. У нядзельным інтэрвію Зарубіну Лукашэнка сказаў, што Казахстан мае " унікальны шанец" далучыцца да саюзнай дзяржавы. Што значыць «унікальны шанец»? Хіба цяпер такое вузкае вакно магчымасьцяў? А потым яго ня будзе? А калі Казахстан не скарыстаецца гэтым «вакном магчымасьцяў», пытаньні аб’яднаньня вакол Расеі будуць вырашацца па-іншаму? Гэта пагроза, выкладзеная ў жартаўлівым тоне. Якую выдатна разумеюць у Казахстане. І рэагуюць на яе адпаведна.

Гэты абмен рэплікамі — яшчэ адзін цьвік у тое, дзе знаходзіцца цяпер Эўразійскі эканамічны саюз.

— 17 траўня адбылася сустрэча лідэраў краін Цэнтральнай Азіі зь лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Гэтая сустрэча прайшла адразу пасьля паездкі лідэраў краінаў СНД у Маскву на сьвяткаваньне Дня Перамогі. У Маскве яны былі з Лукашэнкам, у Сіань яго не запрасілі. Такаеў падчас паездкі ў Кітай адзначыў там сваё 70-годзьдзе.

Дэмарш Такаева — ці ня рэха гэта сустрэчы ў Сіані, ці ня ўскоснае «прывітаньне» і ад таварыша Сі таксама?

— Так, менавіта, гэта відавочнае «прывітаньне» ад Пэкіну. І нагадваньне, што мэты дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, і найперш Казахстану, — самастойныя, і яны ня зводзяцца да мэтаў сусьветных цэнтраў сілы. Казахстан мае некалькі геапалітычных «ног», ёсьць расейская, ёсьць кітайская, а яшчэ ёсьць і турэцкая.

Наяўнасьць турэцкай «нагі» яшчэ раз пацьверджаная перамогай на выбарах Рэджэпа Эрдагана і ростам значэньня цюрскай ідэнтычнасьці.

Гэты рэгіён ператвараецца ў бастыён, што супрацьстаіць спробам уцягнуць яго ў арбіту ўплыву Масквы і Менску, які круціцца недзе побач.

  • Юры Дракахруст

    Журналіст Радыё Свабода

    drakakhrusty@rferl.org

    ФЭЙСБУКПадпісацца