За «прапаганду гомасэксуальнасьці» можна атрымаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 20 гадоў.

Парлямэнт Уганды распрацаваў законапраект у сакавіку. У гэты панядзелак яго падпісаў прэзыдэнт краіны Ёвэры Мусэвэні. Аднаполыя адносіны ва Угандзе былі па-за законам і раней, як і яшчэ ў больш чым 30 краінах Афрыкі. Новы закон істотна ўзмацняе жорсткасьць пакараньня.

ЗША — адзін з галоўных гандлёвых партнэраў Уганды — яшчэ ў сакавіку папярэджвалі аб магчымасьці эканамічных санкцыяў, калі закон будзе прыняты. Таксама Уганда штогод атрымлівае мільярды даляраў эканамічнай дапамогі ад разьвітых краін, якая таксама можа быць зьменшаная.

Праваабаронцы ва Ўгандзе і ў сьвеце выступілі з асуджэньнем закона як дыскрымінацыйнага. Каардынатар Кааліцыі грамадзянскай супольнасьці па правах чалавека ва Угандзе Клэр Бяругаба напісала: «Сёньня прэзыдэнт Уганды легалізаваў дзяржаўную гамафобію. Чорны дзень. Мы будзем працягваць змагацца з гэтым узаконеным зьверствам».

Ведамства ААН па правах чалавека заявіла: «Мы ўзрушаныя драконаўскім і дыскрымінацыйным законам. Гэта гатовы рэцэпт для сыстэмных парушэньняў правоў як ЛГБТ, гэтак і шырокіх слаёў насельніцтва. Ён супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным пагадненьням, і патрабуе неадкладнага юрыдычнага перагляду».

Асаблівую занепакоенасьць праявілі міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца аховай здароўя і прафіляктыкай ВІЧ-інфэкцыі. На іх думку, пасьля прыняцьця закона сэксуальная асьвета ў краіне можа быць у значнай меры ўрэзаная, а гомасэксуалы стануць баяцца тэставацца на ВІЧ і пры яго наяўнасьці праходзіць лячэньне, што прывядзе да некантралюемага распаўсюду інфэкцыі.

Уганда на дадзены момант зьяўляецца адным з лідэраў у барацьбе з ВІЧ-інфэкцыяй. Да 2021 году 89% насельніцтва краіны ведалі свой ВІЧ-статус, больш за 92% ВІЧ-станоўчых атрымлівалі лячэньне, прычым зь іх у 95% вірус быў прыгнечаны, што робіць іх не заразнымі для іншых людзей. Гэтыя посьпехі былі ў значнай меры дасягнутыя дзякуючы дзейнасьці міжнародных фондаў у галіне лячэньня, тэставаньня і сэксуальнай асьветы.