«Гэта крок, які прывядзе да далейшай надзвычай небясьпечнай эскаляцыі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Паводле яго, гэтае рашэньне супярэчыць абавязацельствам, якія Расея ўзяла на сябе ў рамках Будапэшцкага мэмарандума, згодна зь якім Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі ўсю ядзерную зброю, а таксама сумеснай заяве лідэраў пяці ядзерных дзяржаў ад 3 студзеня 2022 году аб тым, што ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весьці. Бурэль заклікаў Маскву выконваць гэтыя абавязацельствы.

Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца «саўдзельнікам незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», і заклікаў Менск «неадкладна спыніць падтрымку» ваеннай агрэсіі і «адмяніць рашэньні», якія могуць «толькі садзейнічаць узмацненьню напружанасьці ў рэгіёне і падарваць сувэрэнітэт Беларусі».

«Любая спроба далейшага абвастрэньня сытуацыі будзе сустрэтая жорсткай і скаардынаванай рэакцыяй», — заявіў Бурэль.

25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці ядзерная зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шойгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі «можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расеі». Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне заклікала Эўразьвяз і ЗША ў адказ на дзеяньні па разьмяшчэньні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі «ўжыць магутныя сінхранізаваныя дзеяньні».

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.